Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да дыскусіі аб закрыцьці мяжы зь Беларусьсю далучыліся дарадца прэзыдэнта Літвы і міністарка абароны Латвіі


Памежны пераход Шумск/Лоша на літоўска-беларускай мяжы
Памежны пераход Шумск/Лоша на літоўска-беларускай мяжы

У Рызе і Вільні палітыкі высокага рангу выказаліся пра магчымае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю.

Дарадца прэзыдэнта Літвы Кястуціс Будрыс пакуль ня бачыць неабходнасьці закрываць мяжу зь Беларусьсю. Аб гэтым ён заявіў у этэры радыё LRT, іх цытуе reform.by.

Паводле яго, такой жа думкі прытрымліваецца і прэзыдэнт краіны Гітанас Наўседа.

«Ці ёсьць такая неабходнасьць на дадзены момант, каб закрыцьцё мяжы магло кардынальна палепшыць для нас сытуацыю з пункту гледжаньня бясьпекі ці выступіць сродкам узьдзеяньня на беларускі рэжым?

Я ня думаю, што мы зараз знаходзімся ў такой сытуацыі, каб гэта было неабходна. Іншая справа, што ня трэба забывацца, што гэта яшчэ і вонкавая мяжа ЭЗ, гэта ня толькі мяжа Літвы. У выніку ўсе падобныя рашэньні павінны быць узгодненыя», — сказаў Будрыс.

Міністарка абароны Латвіі Інара Мурніеце адзначыла, што рашэньне закрыць межы зь Беларусьсю павінна быць адзіным для ўсіх краін Балтыі. Пра гэта яна заявіла 21 жніўня Латвійскай тэлевізіі (LSM).

Паводле яе, «калі адна краіна будзе дзейнічаць асобна, мяжу можна будзе абысьці», а «краінам, якія яе не закрылі, давядзецца разьлічваць на павелічэньне патокаў мігрантаў».

Мурніеце пацьвердзіла, што «гібрыдная пагроза» на мяжы зь Беларусьсю «нарастае». Мінабароны Латвіі на гэты працэс ужо адрэагавала.

«Мы патроілі падтрымку Ўзброеных сіл, таксама была створана новая гнуткая сыстэма, каб мы маглі дзейнічаць хутка, калі гэта неабходна». Яна падкрэсьліла, што зараз на ўсходніх рубяжах «павялічана колькасьць салдатаў і гвардзейцаў».

За мінулыя суткі латвійскія памежнікі прадухілілі 31 спробу нелегальнага пераходу мяжы з боку Беларусі, з пачатку жніўня — 807, з пачатку году — 6046.

28 жніўня краіны Балтыі і Польшча заплянавалі сустрэчу на міністэрскім узроўні, падчас якой будзе абмяркоўвацца мэханізм закрыцьця мяжы зь Беларусьсю ў выпадку ўзьнікненьня такой неабходнасьці.

18 жніўня Літва закрыла два з шасьці памежных пераходаў зь Беларусьсю — Шумск/Лоша і Цьверач/Відзы. Працягваюць функцыянаваць пераходы Каменны Лог/Меднікі, Прывалка/Райгорад, Беняконі/Салечнікі і Катлоўка/Лаварышкі. Закрываць іх літоўскі бок пакуль не плянуе.

З Польшчай для легкавых аўтамабіляў дзейнічае толькі пераход у Тарэспалі (Берасьце).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG