Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне The Telegraph: Кітай пастаўляе Расеі верталёты, бесьпілётнікі і мэталы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну расейскія кампаніі атрымалі дзясяткі тысяч паставак з Кітая. Размова ідзе аб кампаніях, якія вырабляюць ракетныя ўстаноўкі, бронетэхніку і стратэгічныя бамбавікі. Сярод гэтых кампаній ёсьць тыя, якія патрапілі пад заходнія санкцыі.

Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні The Telegraph.

Гандаль паміж Кітаем і Расеяй сёлета перавысіць 200 мільярдаў даляраў, што стане новым рэкордам, адзначае выданьне. Экспарт тавараў, якія патэнцыйна могуць быць выкарыстаны ў ваеннай сфэры, вырас больш як утрая за год — з чэрвеня мінулага года па чэрвень гэтага года.

Па дадзеных дасьледчай арганізацыі Molfar Global, за два месяцы да вайны кітайская кампанія Shantou Honghu Plastics адправіла ў Расею тысячу дронов. У сацыяльных сетках і на сваім сайце гэтая кампанія называе сябе аптовым прадаўцом дзіцячых цацак. Дроны былі адпраўленыя расейскай фірме пад назвай «Самсон», якая таксама пазыцыянуе сябе як аптовы гандляр цацкамі. Выданьне мяркуе, што гэта падстаўная кампанія, яе статутны капітал складае ўсяго 10 тысяч рублёў.

Праз чатыры дні пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне кітайская кампанія Hems999 адправіла ў Расею два верталёты. Іншая кітайская фірма, Tianjin Huarong Aviation, з пачатку вайны паставіла Расеі чатыры верталёты Airbus. Тэхніка была атрымана расейскай кампаніяй «Уральскі верталёт», асноўным заказчыкам якой зьяўляецца Росгвардия.

Як гаворыцца ў расьсьледаваньні, з пачатку 2022 па першы квартал 2023 кітайскія фірмы адправілі аптычныя прыцэлы больш чым 50 расейскім кампаніям. Імпарт гэтай прадукцыі ў 2022 годзе вырас амаль удвя ў параўнаньні з папярэднім і склаў 2,5 мільёна даляраў.

Большую частку аптычных прыцэлаў, каля 2500, паставіла кампанія Yiwu Wojie Optics Instrument. Атрымальнікам зьяўляецца расейская фірма CEK, якая раней пастаўляла такія тавары і прыборы начнога бачаньня МУС Расеі. У дакумэнтах пазначана, што гэтае абсталяваньне прызначана для паляваньня, але, як адзначае The Telegraph, яно можа быць прыстасаванае да баявой зброі.

У 2022 годзе Кітай экспартаваў у Расею прадукцыю з тытанавых сплаваў на суму 18 мільёнаў даляраў, што амаль удвая больш, чым у 2021 годзе. Лёгкія і гарачатрывалыя тытанавыя сплавы зьяўляюцца адным з асноўных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюць для вытворчасьці ваенных самалётаў і зброі.

Па дадзеных выданьня, тытанавыя лісты і стрыжні былі пастаўленыя з Кітая ў прадпрыемства «Старт». Гэта прадпрыемства займаецца распрацоўкай зэнітна-ракетных комплексаў і ўваходзіць у склад дзяржкарпарацыі «Ростех». Тытанавыя вырабы таксама былі адпраўлены ў кампанію S7 Technics, якая займаецца тэхнічным абслугоўваньнем і рамонтам самалётаў. У публікацыі сьцьвярджаецца, што S7 таксама працуе над вытворчасьцю запасных частак для самалётаў, каб расейскія авіякампаніі маглі падтрымліваць свой парк у працоўным стане пасьля ўвядзеньня санкцый.

Кітайскія кампаніі таксама адпраўлялі партыі магніевых сплаваў кампаніі «Тупалеў», якая будуе і дапамагае абслугоўваць далёкія бамбавікі, такія як Ту-95 і Ту-160М. Гэтыя бамбавікі выкарыстоўваліся для нанясеньня ўдараў крылатымі ракетамі па тэрыторыі Ўкраіны.

Кампаніі, зьвязаныя з вытворчасьцю аўтамабіляў КАМАЗ і бронетранспарцёраў КАМАЗ «Тайфун» атрымалі ня менш за 520 партый тавараў з Кітая (запасныя часткі, зварачныя апараты і лазэрныя станкі, якія могуць выкарыстоўвацца для вытворчасьці зброі і ваеннай тэхнікі). Магнітагорскі мэталюргічны камбінат, які знаходзіцца пад санкцыямі, таксама атрымліваў пастаўкі з Кітая.

Акрамя таго, паводле зьвестак выданьня, Кітай можа пастаўляць у Расею сыравіну праз трэція краіны. Паведамляецца, што Пэкін і Масква вялі сакрэтныя перамовы з Іранам аб пастаўках перхлярату амонію — гэта хімічнае злучэньне выкарыстоўваецца для прывядзеньня ў рух балістычных ракет. Калі гэтая ўгода будзе заключана, яна будзе ўтоена з афіцыйных гандлёвых рэестраў.

  • Заходнія СМІ неаднаразова пісалі аб тым, што Кітай, нягледзячы на абвешчаную ім пазыцыю нэўтралітэту ў адносінах да вайны Расеі з Украінай, пастаўляе Маскве ваеннае абсталяваньне і рыштунак. Кітай усе абвінавачаньні ў ваеннай падтрымцы Расеі абвяргае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG