Аб гэтым піша нямецкае выданьне Bild.
Журналісты вывучылі службовую перапіску паміж МЗС і пасольствамі Расеі і Турэччыны з 21 ліпеня па 8 жніўня. У паведамленьнях гаворыцца, што Масква загадзя папярэдзіла Анкару аб выхадзе са збожжавай угоды, таму Расея, Турэччына і Катар пачалі распрацоўваць новае трохбаковае пагадненьне, якое заменіць старое.
Згодна з новым меркаваным дакумэнтам, расейскае збожжа плянуецца пастаўляць у бедныя краіны, у прыватнасьці ў Афрыку. Турэччына будзе выступаць у гэтым як арганізатар, а Катар — як спонсар паставак.
Разам з тым, кіраўнік турэцкага МЗС Хакан Фідан, нягледзячы на верагодную дамову, просіць Маскву вярнуцца да збожжавай угоды, піша Bild.
- Збожжавая ўгода, па якой прадукты вывозіліся з заблякаваных Расеяй чарнаморскіх партоў, была заключана ў ліпені мінулага года пры садзейнічаньні Турэччыны і ААН. Пагадненьне працягвалася некалькі разоў.
- 17 ліпеня Расея выйшла са збожжавай угоды. Масква заявіла, што частка дамоўленасьцей, якія датычацца экспарту расейскіх угнаеньняў і харчаваньня, не выканана.
- З 18 ліпеня расейскія войскі пачалі практычна штодня абстрэльваць Адэскую вобласьць, зьнішчаючы партовую інфраструктуру. Пры гэтым прычынамі абстрэлаў Крэмль назваў атаку на Крымскі мост у ноч на 17 ліпеня.
- Збожжавая ініцыятыва забясьпечыла пастаўкі звыш 33 мільёнаў тон аграпрадукцыі на сусьветны рынак з партоў Адэсы. ЗША, ЭЗ і ААН заклікалі Расею аднавіць удзел у збожжавай угодзе.