Высокапастаўлены сьледчы, які быў начальнікам упраўленьня ў расьсьледаваньні парушэньняў інфармацыйнай бясьпекі і інтэлектуальнай уласнасьці, а таксама спэцыяліст кампаніі ў сфэры кібэрбясьпекі Group-IB Аляксандар Сушко выйшаў на волю, паведаміла «Наша ніва».
Сушко арыштавалі, магчыма, у 2022 годзе (паводле «Зеркала», селёта ў сакавіку), ён атрымаў 3 гады «хатняй хіміі» паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Такі ж прысуд далі і ягонай жонцы.
Раней Сушко працаваў у менскім офісе расейскай Group-IB, а потым, мяркуючы па адкрытай інфармацыі, у яе даччынай кампаніі FACCT (Fight Against Cybercrime Technologies). Калі ж быў сьледчым, вёў мноства рэзанансных справаў, у прыватнасьці вялікую «справу айцішнікаў», у якой праходзіў, напрыклад, Віктар Пракапеня. Тады здарылася амаль нечуванае — крымінальная справа скончылася нічым. Усіх фігурантаў выпусьцілі без суду.
У 2020-м Сушко публічна выступіў за спыненьне масавага гвалту і дыялёг. Выступаў з узважанай крытыкай дзеяньняў сілавікоў.
Як цяпер паведамілі выданьню знаёмыя з блізкімі Сушко, яго выпусьцілі з-пад варты, але ён «ненатуральна худы і пасівелы».
Справа супраць яго можа быць зьвязаная з разборкамі з Group-IB у Расеі. Заснавальніка кампаніі Ільлю Сачкова там нядаўна асудзілі на 14 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў дзяржаўнай здрадзе — ён, нібыта, перадаў замежным спэцслужбам нейкую інфармацыю, якая адносілася да дзяржаўнай тайны.
Самога Сачкова арыштавалі восеньню 2021 году, ён абвінавачваў у сваім перасьледзе асобных супрацоўнікаў ФСБ, у якіх да яго нібыта пэрсанальная непрыязнасьць. Адначасова з гэтым Сачкоў ганарыўся ў сваіх лістах з СІЗА, што дзякуючы Group-IB нібыта ўдалося спыніць мноства ўкраінскіх кібэратак на расейскую інфраструктуру.