Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: прысуд cуўладальніку Wargaming пакінулі бязь зьменаў, вынесьлі вырак выкладчыцы ўнівэрсытэту


Вярхоўны суд Беларусі, якія разглядае апэляцыі асуджаных на вырак. Ілюстрацыйнае фота
Вярхоўны суд Беларусі, якія разглядае апэляцыі асуджаных на вырак. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Прысуд вядомаму бізнэсоўцу пакінулі нязьменным

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што 28 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў бязь зьменаў завочны вырак суўладальніку Wargaming Мікалаю Кацалапаву — яго апэляцыйную скаргу не задаволілі.

У верасьні 2025 году Мікалая Кацалапава завочна асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі з спагнаньнем штрафу ў 50 тысяч базавых велічыняў (2 мільёны 100 тысяч рублёў). Справу разглядалі ў гарадзкім судзе Менску. Вядомаму прадпрымальніку інкрымінавалі ч. 1 і 2 арт. 361-2 Крымінальнага кодэксу («фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і ч. 2 арт. 290-1 («фінансаваньне тэрарыстычнай дзейнасьці»).

Яшчэ ў студзені 2023 Мікалая Кацалапава ўключылі ў сьпіс «тэрарыстаў». Вядомы беларускі бізнэсовец на той момант ужо жыў за мяжой.

Выкладчыцу ўнівэрсытэту асудзілі на зьняволеньне

У Гомельскім абласным судзе асудзілі выкладчыцу Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Галіну Латугоўскую, прысуд зьвязаны з пазбаўленьнем волі, паведамілі праваабаронцы.

Выкладчыцу судзілі паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 3 арт. 361‑1 («уваходжаньне ў склад экстрэмісцкага фармаваньня»), ч. 1 і 2 арт. 361-4 («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), ч. 1 і 2 арт. 367 («паклёп на Лукашэнку»), ч. 1 арт. 368 К («абраза Лукашэнкі»), арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 369‑1 («дыскрэдытацыя Беларусі»).

Галіне Латугоўскай 47 гадоў. Яна працавала выкладчыцай на катэдры агульнай і біяарганічнай хіміі ГДМУ. Паводле зьвестак праваабаронцаў, вынесены Латугоўскай прысуд зьвязаны з пазбаўленьнем волі, але тэрмін зьняволеньня пакуль невядомы. У кастрычніку 2025 году Галіну Латугоўскую ўключылі ў сьпіс «экстрэмістаў,» беларускія праваабаронцы прызналі яе палітычнай зьняволенай.

Старонку Сяргея Ціханоўскага ў TikTok прызналі «экстрэмісцкаю»

Такое рашэньне прыняў 23 кастрычніка суд Смалявіцкага раёну, паведаміла «Вясна».

Паводле праваабаронцаў, «экстрэмісцкі» сьпіс папоўнілі таксама TikTok-старонка «volyabela» і старонка ў Threads «free_zhlobin».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG