Беларускія праваабаронцы мяркуюць, што асуджаныя паводле «антынаркатычных» артыкулаў складаюць амаль траціну ад агульнай колькасьці грамадзян, якіх пазбавілі волі, і яны сутыкаюцца зь вялікай колькасьцю парушэньняў сваіх правоў у папраўчых установах.
«Паводле розных ацэнак, колькасьць зьняволеных у Беларусі складае каля 30-33 тысяч асобаў. Такім чынам, сумарная колькасьць зьняволеных паводле „антынаркатычных“ артыкулаў у беларускіх калёніях можа складаць да 9 тысяч грамадзян, або 28%, што складае амаль траціну ад агульнай колькасьці асобаў, асуджаных на пазбаўленьне волі», — адзначаецца ў справаздачы «Наркапалітыка ў Беларусі: стан і пэрспэктывы рэформы», падрыхтаваны Моладзевым блёкам і рухам Legalize Belarus.
Паводле праваабаронцаў і экспэртаў, беларускае заканадаўства мае рэпрэсіўны характар, паколькі не падзяляе рэальных злачынцаў у сфэры незаконнага абарачэньня наркотыкаў і дробных парушальнікаў і тых, хто спажывае наркотыкі. Менавіта гэта стварае грунт для шматлікіх парушэньняў правоў чалавека.
У справаздачы адзначаецца, што шматлікіх затрыманых паводле артыкулу 328 катуюць і б'юць апэратыўныя работнікі, каб атрымаць прызнальныя паказаньні, паролі ад тэлефонаў ці любой іншай інфармацыі для афармленьня складу злачынства. У некаторых выпадках такое стаўленьне сілавых органаў прывяло да суіцыду асуджаных.
Апроч таго, праваабаронцы і экспэрты паведамілі, што ў калёніях для асуджаных паводле 328-га артыкулу ствараюць «асаблівыя» умовы — іх утрымліваюць у асобных атрадах і нашываюць зялёныя біркі.
«За адмову насіць такія біркі асуджаных караюць перамяшчэньнем у памяшканьні камэрнага тыпу або перавозяць у крытую калёнію», — адзначаецца ў справаздачы.
Згодна з дакумэнтам, асуджаным паводле «антынаркатычных» артыкулах часьцей афармляюць парушэньні рэжыму і пазбаўляюць спатканьняў і званкоў. Апроч таго, іх залучаюць да неаплатнай працы ў шкодных для здароўя ўмовах, у выніку чаго разьвіваюцца хранічныя захворваньні і іншыя ўскладненьні. У калёніях таксама адсутнічае час на адпачынак і нармальныя ўмовы для прыёму ежы і гігіенічных працэдур. Аб гэтым праваабаронцам паведамілі тыя, хто ўжо адбыў пакараньне і вызваліўся.
Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае пакараньне за незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў у выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 5 да 25 гадоў.