Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ягор Сурскі: «Колькасьць беларусаў у польскіх школах беспрэцэдэнтная, але шлях да беларускай школы ў Польшчы няблізкі»


Вучні школы № 4 у Беластоку на 25-м фэстывалі «Басовішча». Архіўнае фота
Вучні школы № 4 у Беластоку на 25-м фэстывалі «Басовішча». Архіўнае фота

Змушаны выехаць з радзімы выкладчык Беларускага гуманітарнага ліцэю Ягор Сурскі кіруе кансультацыйным пунктам пры Акадэміі добрай адукацыі (Варшава). Свабода паразмаўляла зь ім пра пэрспэктывы беларускіх школ у Польшчы ў новым навучальным годзе.

«Адмысловай праграмы для адаптацыі, як у выпадку з украінскімі дзецьмі, для беларускіх прадугледжана не было»

— Колькі, па вашых зьвестках, беларускіх дзяцей школьнага ўзросту цяпер знаходзіцца ў Польшчы? Як выглядала сытуацыя зь іхным навучаньнем на канец мінулага школьнага году? Якія школы яны наведвалі?

— Вядома, што на пачатак 2023 году ў польскіх агульнаадукацыйных школьных установах вучылася каля 26 тысяч навучэнцаў зь беларускім грамадзянствам. Адначасова нельга сказаць, што гэтыя зьвесткі вычарпальныя. У іх не адлюстраваныя тыя, хто выбраў спэцыяльнае прафэсійнае навучаньне (пайшоў у тэхнікум замест агульнаадукацыйнай школы). Варта ўлічваць і тое, што не заўсёды ў школу можна трапіць, калі сям’я пераехала, напрыклад, пасярод навучальнага году. Ня ўсе бацькі ведалі, што ў Польшчы навучаньне ў школе абавязковае да дасягненьня паўналецьця. Да таго ж шмат у каго па некалькі разоў мянялася месца жыхарства ў сувязі зь пераездам.

Ягор Сурскі
Ягор Сурскі


Сытуацыя з навучаньнем беларускіх дзяцей вельмі няпростая. Найчасьцей прапаноўваюць паўтарыць навучальны год ці запісацца ва ўкраінскую падрыхтоўчую клясу. З пачаткам вайны праграмы для адаптацыі ўкраінскіх дзяцей былі створаныя паўсюдна.

Беларусы шмат у якіх выпадках бездапаможныя, нягледзячы на тое, што дастаткова хутка засвойваюць польскую мову як вельмі блізкую лексычна і падобную структурна. Можна ўявіць, як сябе адчувае дзіця, калі яно найстарэйшае ў клясе, і якія перажываньні ў бацькоў, калі школу можна скончыць толькі ўжо ў 20-гадовым узросьце, напрыклад. У Польшчы зь нядаўняга часу адбыўся пераход на 12-гадовы цыкль школьнага навучаньня.

Жаданьне забясьпечыць лепшую адаптацыю да польскай сыстэмы праз залічэньне ў школу на год ніжэй не заўсёды абгрунтаванае і вельмі часта абумоўлена тым, што клясы перапоўненыя і ў патрэбнай клясе можа проста ня быць вольнага месца. Няпростая сытуацыя з наборам у польскія ліцэі ў гэтым навучальным годзе (2023/2024), куды вучні прыходзяць пасьля заканчэньня 8-гадовай базавай школы. Конкурс вельмі вялікі, а падстава для залічэньня ў ліцэй — колькасьць балаў па выніках дзяржаўнай атэстацыі за 8-ю клясу. Часта дырэкцыя школы не наважваецца браць беларускага навучэнца адразу ў 8-ю клясу, якая прадугледжвае дзяржаўную атэстацыю і ад яе вынікаў залежыць ацэнка працы школы. Тое ж самае адбываецца з трэцімі ці чацьвёртымі клясамі ў ліцэі, калі набліжаецца этап атэстацыі за сярэднюю школу (матура).

Колькасьць беларусаў, якія навучаюцца ў польскіх школах, сапраўды беспрэцэдэнтная. Разам з тым адмысловай праграмы для адаптацыі, як у выпадку з украінскімі дзецьмі, для беларускіх прадугледжана не было. Да таго ж украінскія навучэнцы ў Польшчы заўсёды маюць магчымасьць дыстанцыйна працягваць навучаньне ва ўкраінскай сыстэме. Адбываецца тое, што беларусы не заўсёды могуць скарыстацца тымі выдатнымі магчымасьцямі, якія гарантуе польская сыстэма навучаньня. Адзін з сумных эфэктаў такога становішча — зьнікненьне ў дзяцей матывацыі да навучаньня ўвогуле і нежаданьне інтэгравацца ў новае асяродзьдзе.

«Сёньня не існуе адпаведнага суб’екта зь беларускага боку, які мог бы ініцыяваць стварэньне паўнавартаснай стацыянарнай беларускай школы ў Польшчы»

— А якія на сёньня вынікі спробаў адкрыць у Польшчы беларускія школы? Што спрыяе і што замінае гэтым спробам?

— У гэтым пытаньні перадусім трэба заставацца рэалістамі і ўсьведамляць тое, што права на адукацыю ў першую чаргу ў любой краіне будзе прадугледжана для сваіх грамадзянаў. Беларускія навучальныя ініцыятывы ў Польшчы на сёньняшні момант дадатковыя і нефармальныя. Скарыстацца дадатковымі магчымасьцямі для навучаньня прадстаўнікам іншай нацыянальнасьці ў Польшчы, якія прадугледжаныя заканадаўствам, не дазваляе тая ж адсутнасьць польскага грамадзянства ў беларусаў, якія апынуліся тут пасьля 2020-га. Хоць такія ініцыятывы, калі беларусы з польскім грамадзянствам дамагаліся дадатковага навучаньня па-беларуску для сваіх дзяцей, ужо даўно існуюць у Варшаве, а яшчэ раней пачалі дзейнічаць у Падляскім ваяводзтве, дзе здаўна гістарычна жывуць беларусы.

Разам з тым непажаданы эфэкт могуць мець і неабгрунтаваныя спэкуляцыі на тэме беларускай адукацыі. Ініцыятывы, якія пазыцыянуюць сябе ў якасьці беларускіх школ, належнага статусу (за выключэньнем школ для нацменшасьцяў) у польскай сыстэме адукацыі ня маюць. Чаканьні бацькоў, якія разьлічваюць на фармальную атэстацыю на роднай мове, застаюцца нязьдзейсьненымі. А ў выніку шляхетнай справе беларускай адукацыі можа быць нанесена і рэпутацыйная шкода.

Сёньня не існуе адпаведнага суб’екта зь беларускага боку, які мог бы ініцыяваць стварэньне паўнавартаснай стацыянарнай беларускай школы ў Польшчы. У сытуацыі ўкраінскіх дзяцей у Польшчы за імі стаіць дзяржава, якая спрыяе гэтым захадам. Прынамсі, многія ўкраінскія навучальныя ініцыятывы ў Польшчы могуць разьлічваць на афіцыйную атэстацыю па выніках навучаньня. Мне даводзілася бачыць і польскія дакумэнты па атэстацыі дзяцей за курс базавай школы з пазнакамі кшталту «матэматыка на ўкраінскай мове». Гэта значыць, што польскія экзамэнацыйныя аркушы былі адаптаваныя пад моўныя прыярытэты вучня, дзякуючы чаму можна было разьлічваць і на лепшы вынік атэстацыі, і лепшы шанец з выбарам ліцэю. Так адбылося ня толькі дзякуючы агульнай падтрымцы, якую выказвалі ўкраінцам, але і дзякуючы адпаведным захадам зь іх боку. Для беларусаў, на вялікі жаль, ці не адзіная палёгка ў польскай сыстэме навучаньня можа быць забясьпечаная коштам выбару расейскай мовы як замежнай.

«Самы цяжкі прадмет для беларусаў у польскай сыстэме навучаньня — польская мова»

Я гэта кажу да таго, што шлях да беларускай школы ў Польшчы не такі блізкі.

Любая сыстэма нацыянальнай адукацыі дастаткова закрытая і гермэтычная. Мяне як прафэсійнага гісторыка зьдзівіла выказаная думка калегі, настаўніцы гісторыі ў польскім ліцэі, што гісторыя — дапаможная дысцыпліна ў вывучэньні польскай мовы. З другога боку, такая думка ілюструе тое, пра што я кажу вышэй. Сыстэма адукацыі шмат у чым зьяўляецца такім комплексным наратывам.

Гэта тлумачыць і тое, што самы цяжкі прадмет для беларусаў у польскай сыстэме навучаньня — польская мова. Але тут трэба зьвярнуць увагу ня толькі на корпус твораў, разуменьне літаратуры ў гістарычным і культурніцкім кантэксьце, але і здольнасьць суадносіць тэму твора з уласнымі жыцьцёвымі арыентырамі. Іначай кажучы, ацэньваюць уменьне разважаць. Беларускія вучні не заўсёды разумеюць гэтую сытуацыю, калі могуць адкрыта дзяліцца ўласнымі думкамі з настаўнікам.

Рух да паўнавартаснай беларускай школы ў Польшчы патрабаваў бы істотных сыстэмных захадаў, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні ў гэтай краіне.

Зь іншага боку, школьныя ўстановы любога тыпу ў Польшчы дастаткова аўтаномныя, шмат у чым залежаць ад мясцовых органаў самакіраваньня, а не цэнтральнай улады. Калі вырашаць пытаньне на такім лякальным узроўні, было б куды больш плёну, чым ад сустрэчы зь міністрам, напрыклад. У саміх школах вялікую ролю адыгрываюць бацькоўскія камітэты і вучнёўскае самакіраваньне.

Калі я дзяліўся сваім бачаньнем адукацыі з былым міністрам адукацыі Польшчы (спн. Катажынай Галь), я выказаў тэзіс, што пасьля пандэміі і вайны сыстэма адукацыі павінна кардынальна зьмяніцца. Вялікі ўздым альтэрнатыўнай пэдагогікі пачаўся пасьля Першай сусьветнай вайны. Неабходнасьць зьмены зьместу праграмы перадусім адносіцца да гістарычнай дысцыпліны. Калі іначай расставіць акцэнты ў вывучэньні гісторыі, каб не здавалася, што гісторыя — толькі ланцужок бясконцых ваенных канфліктаў, лічу, што можна акрэсьліваць і кшталтаваць іншы тып людзкіх узаемадачыненьняў.

Мне асабіста імпануе думка спадарыні Катажыны Галь зь яе кнігі «Адукацыя будучыні», якая нядаўна выйшла з друку і зьяўляецца аўтабіяграфічнай, што ў школе, калі гэта была яшчэ сацыялістычная Польшча, яна, як і іншыя, абсалютна не ўяўляла, якім будзе сьвет праз 20 гадоў. Тое ж самае можна сказаць і пра нас.

Таму лічу, што менавіта адукацыя павінна быць такой дынамічнай прасторай, сфэрай творчага экспэрымэнту. Не лічу, што і рэформа адукацыі, напрыклад, павінна ажыцьцяўляцца людзьмі з акадэмічным бэкграўндам, якія найчасьцей належаць да закрытых структур з выразнай герархіяй. Адукацыя на сёньня патрабуе ўсё больш высілкаў для разуменьня сёньняшняй моладзі, праз дыялёг пакаленьняў, шчырую камунікацыю на роўных. Тэарэтычныя канцэпты шмат у чым не адпавядаюць той дынаміцы тэхналягічнага разьвіцьця, пад узьдзеяньнем якой фармуецца цяпер іншы сацыяльны тып людзей. На маю думку, практычны ўдзел у навучаньні сёньня як ніколі вырашальны для кампэтэнтнасьці экспэрта ў галіне адукацыі.

Роля бацькоў у адукацыі шмат у чым павінна быць больш актыўнай. Сацыялізацыя будзе набываць іншыя абрысы, станавіцца больш дэцэнтралізаванай, што будзе павышаць ролю такіх устаноў як школы. Але яны хутчэй будуць станавіцца больш аўтаномнымі і самадастатковымі. Адкрываць беларускую школу варта з улікам агульнага глябальнага кантэксту. Толькі тады такі намер будзе зразумелы і правамоцны ў іншай краіне.

«Разважаць пра беларускую школу мары я пачаў, калі натхняўся настроем дзетак, зь якім яны ўдзельнічаюць у суботніх занятках»

— У Варшаве ёсьць група энтузіястаў, у якую і вы ўваходзіце. Яна мае намер стварыць беларускую школу мары. Што гэта такое? І якія посьпехі ў гэтых намерах?

— З кастрычніка 2022 году ў Варшаве на базе прыватнай польскай школы пры Акадэміі добрай адукацыі пачала дзейнічаць суботняя школка для беларусаў. Шматпрофільную адукацыйную падтрымку для беларускіх дзяцей, у якую, апроч суботніх заняткаў, уваходзіць навучаньне беларусаў у хатнім рэжыме паводле польскай сыстэмы, у тым ліку і з магчымасьцю паступовай інтэграцыі ў стацыянарны навучальны працэс, мне прапанавала ачоліць спадарыня Катажына Галь, вядомая грамадзкая дзяячка ў Польшчы, міністар адукацыі ў 2007–2011 гадах.

А разважаць пра беларускую школу мары я пачаў, калі натхняўся настроем дзетак, зь якім яны ўдзельнічаюць у суботніх занятках. Іх бадзёрасьць, творчы настрой і такі імпэт, каб хадзіць у школу, сапраўды ўражваюць. Дзеці ў пэўнай сытуацыі нават самастойна пачыналі ў школу гуляць. І я думаю, ці ня варта часам пэдагогам падгледзець і ў гэтым сэнсе павучыцца ў дзяцей, якой школа быць павінна. І такая школьная мадэль сапраўды можа быць ідэалам, калі навучаньне адбываецца без прымусу, у гульнявой, інтэрактыўнай і творчай форме. Гэта той прыклад, калі школа перадусім выконвае функцыю такой сацыялізацыі, надзвычай патрэбнай і неабходнай у іншай краіне.

Бацькі, якія да нас прыходзілі, часам пыталіся, ці можа іхнае дзіця, якое слаба валодае беларускай мовай, да нас далучыцца. Вось гэты крытэр, які для беларусаў у Беларусі часамі не настолькі відавочны, тут у Польшчы выявіўся як падстава для самаідэнтыфікацыі.

Вельмі ўсьцешаны супрацоўніцтвам з калегамі, выдатнымі творцамі, як Васіль Дранько-Майсюк, Вольга Каралёнак ці Андрэй Саўчанка, якія могуць рэалізоўваць у навучаньні свой індывідуальны аўтарскі падыход. Так, пад творчым наглядам Андрэя Саўчанкі мы начавалі ў школе. У Польшчы гэта распаўсюджаная пэдагагічная практыка, каб фармаваць асабістае стаўленьне і прывязанасьць вучняў да школьнай прасторы. У нас Ноч у школе была прымеркаваная да міжнароднага дня дзіцячай літаратуры. У пэдагагічнай працы школы актыўна ўдзельнічалі і бацькі, іх залучылі да сцэнічнай пастаноўкі пад творчым наглядам таго ж Андрэя Саўчанкі ў школьным летніку, які праходзіў на Падляшшы.

«Чыньнікам кансалідацыі ў нашым выпадку будзе менавіта адукацыя»

— Ці кантактуеце вы з такімі самымі энтузіястамі зь іншых гарадоў Польшчы? Што ў іх адбываецца са спробамі наладзіць беларускія школы мары?

— Можна сказаць, што гэты навучальны год быў выпрабавальным для выпрацоўкі такой мадэлі адукацыйнай падтрымкі для беларускіх дзетак у Польшчы на прыкладзе школы Акадэміі добрай адукацыі ў Варшаве. А паколькі гэта сетка школ, то ўжо зь верасьня такая мадэль будзе заадаптаваная праз школы Акадэміі ў Познані, і ў Гданьску. Я вельмі ўсьцешаны гэтым, бо гэта дае дадатковыя магчымасьці ўзаемадзеяньня паміж нашымі настаўніцкімі калектывамі і беларускімі суполкамі ў розных гарадах Польшчы. У Познані ініцыятыву ачоліць Ільля Сініца, кіраўнік беларускага хору ў гэтым горадзе, а ў Гданьску — вядомы беларускі кампазытар Кастусь Яськоў.

Відавочна, што запыт на гуртаваньне ў беларусаў існуе. Істотна, што такім чыньнікам кансалідацыі ў нашым выпадку будзе менавіта адукацыя. І вельмі важна, што гэта прамая камунікацыя, у існай школьнай прасторы. Не ўяўляю, што б яшчэ больш магла зрабіць польская школа для беларусаў на нашым прыкладзе. Разам з тым гэта адзінкавая такая ініцыятыва, няхай і ў межах сеткі прыватных школ Акадэміі добрай адукацыі. Вось дзякуючы добрай волі Катажыны Галь гэта стала магчымым рэалізаваць.

«Адукацыя на роднай мове залежыць і ад ініцыятывы, калі часьцей ёю карыстацца»

— На дварэ жнівень — час, калі настаўнікі і бацькі хвалююцца пра пачатак школьнага верасьня. Калі падсумаваць, то як можна абмаляваць магчымасьці беларускіх дзяцей атрымліваць у Польшчы адукацыю на роднай мове ў новым навучальным годзе?

— Вось гэтае пытаньне вяртае нас да самага пачатку размовы, дзе я згадаў афіцыйныя лічбы. Шчырае імкненьне і права вучыцца на роднай мове не заўсёды карэлююць з магчымасьцямі для гэтага ў іншай краіне. Надзея на такую магчымасьць усё ж наўпрост зьвязаная з Польшчай, бо ў гэтай краіне знаходзіцца самая вялікая колькасьць беларусаў, бо Польшча праходзіла праз падобны гістарычны досьвед, калі права на адукацыю на роднай мове было для палякаў абмежаваным. Да таго ж у Польшчы калясальны досьвед арганізацыі навучаньня для палякаў, якія знаходзяцца па-за яе межамі, а цягам апошніх гадоў яшчэ і дапамогі ўкраінскім дзецям. Вельмі важна быць гатовымі да гэтага, у тым ліку зыходзячы з пошуку неабходнай адукацыйнай мадэлі.

Гэты навучальны год для мяне адметны і тым, што я працаваў у дзяржаўным польскім ліцэі, дзе былі створаныя падрыхтоўчыя клясы для ўкраінскіх дзяцей, у якіх навучаліся і беларусы. Мне даводзілася на месцы бачыць, якія праблемы могуць быць зьвязаныя зь неабходнасьцю беларускіх дзяцей адаптавацца да новай адукацыйнай рэчаіснасьці.

Цяпер жнівень на дварэ, як вы адзначылі, але гэта гарачая пара набору ў ліцэі ў Польшчы. На месцы ў польскіх ліцэях прэтэндуюць і многія беларусы. У сілу асаблівай сытуацыі з наборам у ліцэі (вельмі вялікі конкурс) і яго спэцыфікай (пра залічэньне ў сытуацыі наяўнасьці рэзэрвовых месцаў можна будзе даведацца толькі на пачатку верасьня) я б параіў бацькам найперш набрацца цярплівасьці. Разам з тым раю ім разглядаць і магчымасьці пошуку альтэрнатыўных рашэньняў у адукацыі сваіх дзяцей, у тым ліку і магчымасьць хатняга навучаньня, калі творчы патэнцыял дзіцяці можна рэалізаваць праз індывідуальны плян. А такі варыянт перадусім і дае дадатковыя магчымасьці далучацца і ўдзельнічаць у шматлікіх беларусаарыентаваных адукацыйных ініцыятывах у Польшчы. Адукацыя на роднай мове залежыць і ад ініцыятывы, калі часьцей ёю карыстацца. І тут магчымасьці невычэрпныя. Чыньнікам кансалідацыі і ўзаемадапамогі ў новай сытуацыі для беларусаў выступае менавіта беларуская мова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG