Яшчэ адзін расейскі афіцэр уцёк у Літву і папрасіў там палітычнага прытулку, паведамляе Руская служба Бі-бі-сі. Яго клічуць Іван Каралёў, ён лейтэнант артылерыйскіх войскаў.
Каралёў заявіў, што пакінуў Расею, бо ня хоча прымаць удзел «у кровапралітнай вайне, якую разьвязала дзяржава».
Лейтэнант расказаў карэспандэнту Бі-бі-сі, што непасрэдна ва Ўкраіне ён ня быў, але яго частка займалася забесьпячэньнем расейскіх войск боепрыпасамі.
Мяжу зь Літвой ён перайшоў нелегальна і 10 жніўня быў затрыманы памежнікамі на аўтавакзале ў Вільні. 11 жніўня яго адправілі ў міграцыйны цэнтар, дзе ён будзе знаходзіцца, пакуль разглядаюць яго прашэньне аб прытулку.
Бі-бі-сі адзначае, што не валодае незалежным пацьвярджэньнем аповяду Каралёва.
- У чэрвені падобным шляхам у Літвуўцёк пілёт расейскай баявой авіяцыі Дзьмітрый Мішоў. Ён таксама заявіў, што ня згодны ўдзельнічаць ва ўкраінскай вайне. Яму дазволілі жыць у Літве, пакуль ягоныя дакумэнты разглядаюцца.
- Краіны Эўразьвязу з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну абмяркоўваюць пытаньне, ці павінны яны даваць палітычны прытулак расейцам, якія адмаўляюцца ваяваць, — як вайскоўцам, так і «адмоўнікам» ад мабілізацыі. Адзінай думкі ў гэтым пытаньні няма. Шэраг міністраў ФРГ заявілі, што Нямеччына будзе даваць часовы прытулак грамадзянам Расеі, якія пазьбягаюць мабілізацыі. У той жа час некалькі краін ЭЗ, напрыклад Чэхія, Эстонія і Латвія, выступалі супраць наданьня абароны ўхілістам.