Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недабор пэдагогаў і міліцыянтаў: Як прайшла ўступная кампанія ў ВНУ


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

На адзін з факультэтаў Акадэміі МУС недабралі амаль палову абітурыентаў. Глядзім вынікі ўступнай кампаніі.

У Беларусі завяршаецца ўступная кампанія, сёлета абітурыенты мелі больш высокія балы пасьля зьмены ў працэдуры Адзінага экзамэну і скандалу зь яго вынікамі. Сьпярша абітурыенты зьдзівіліся вынікам, бо тыя былі падлічаныя па незразумелай схеме. Пасьля вынікі пералічылі.

Сёлета ў беларускія ВНУ прынялі на 900 чалавек менш, чым летась. Скарачэньне адбылося за кошт платных месцаў, іх стала менш на 1500. Студэнтамі сталі 52 200 чалавек. За кошт бюджэту будуць навучацца 28 400 чалавек, гэта на 600 болей, чым у мінулым годзе.

398 балаў, каб паступіць на міжнароднае права

Самы высокі прахадны бал сёлета зафіксавалі на спэцыяльнасьці «міжнароднае права» факультэту міжнародных адносінаў БДУ. Каб паступіць туды, трэба было набраць 398 балаў з 400 магчымых. Год таму прахадны бал на гэтай спэцыяльнасьці быў 374 з 400 магчымых.

Агулам самыя высокія прахадныя балы склаліся ў БДУ: на ўсіх спэцыяльнасьцях вышэй за 300 з 400 магчымых.

На журфаку БДУ сёлета, як і ў мінулым годзе наогул не набіралі платнікаў, на бюджэт узялі толькі 60 чалавек, гэта на 10 чалавек меней, чым летась.

Недабор настаўнікаў

У БДПУ імя Максіма Танка недабор па некаторых спэцыяльнасьцях: нестае будучых настаўнікаў фізыкі і матэматыкі. Напрыклад, на «матэматыку і інфарматыку» пры 70 вольных месцах падаліся толькі 48 чалавек. На «матэматыку і фізыку» пры 20 вольных месцах — 7 абітурыентаў, амаль утрая менш, чым плянавалі. На «фізыку і інфарматыку» пры 25 вольных месцах падаліся 22 чалавекі. На гэтыя спэцыяльнасьці абвясьцілі дадатковы набор. Недабор таксама на факультэце пачатковай адукацыі: 105 ахвотных пры 125 месцах.

А што ў сілавікоў?

На факультэт міліцыі грамадзкай бясьпекі, спэцыяльнасьць «правазнаўства», у Акадэмію МУС сёлета хацелі набраць 145 чалавек. А падаліся толькі 80. У аднаго з абітурыентаў вынік да 155 балаў, гэта менш за 38 балаў па кожным з прадметаў са 100 магчымых.

На ўсіх астатніх факультэтах акадэміі студэнтаў набралі, і там нават быў конкурс, чаго не здаралася раней.

На факультэце крымінальнай міліцыі на 83 месцы падаўся 261 чалавек. Каб паступіць туды, трэба было набраць 277 балаў. Сёлета ў Акадэмію МУС падавалася і шмат дзяўчат. У некаторых абітурыентаў высокія балы — больш за 300.

Недабор «мэтавікоў»

Сёлета ўлады вырашылі значна павялічыць колькасьць месцаў для студэнтаў, якія паступаюць па мэтавым накіраваньні ўладаў свайго раёну. Асаблівасьць такой формы ў тым, што пасьля навучаньня выпускнік мусіць адпрацаваць 5 гадоў па разьмеркаваньні, а не 2.

Месцаў для мэтавікоў сёлета было 4500, недабралі каля тысячы абітурыентаў. Летась такіх месцаў было 3200.

«Балы вырасьлі з прычыны новай сыстэмы паступленьня»

На думку экспэрта ў галіне адукацыі і інавацый Андрэя Лаўрухіна, прахадныя балы сёлета маглі вырасьці за кошт новай сыстэмы падліку балаў.

«Значна павялічылася колькасьць мэтавікоў. Гэта больш, чым у папярэднія гады. Канечне, другі фактар — новая сыстэма падліку балаў, яна падвысіла трохі агульную карціну. Наколькі гэта паўплывала, цяжка сказаць. Сыстэма цэнтралізаванага тэставаньня, якую запусьцілі сёлета, спрацавала з памылкамі. Таксама зьдзіўляе, што павялічыўся конкурс у сілавыя ВНУ. Праз тры гады крызісу, відаць, некаторыя людзі думаюць, што зьменаў ня будзе, грамадзтва адаптоўваецца. Недабор на настаўнікаў кажа пра тое, што такую спэцыяльнасьць ня лічаць прэстыжнай. Прыярытэты відавочныя: у сілавікоў конкурс, а ў настаўнікаў — не», — мяркуе Андрэй Лаўрухін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG