Свабода паразмаўляла з удзельнікамі акцыі ў Вільні і з дэмакратычнай лідэркай Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай, якая далучылася да акцыі ў літоўскай сталіцы. Паслухайце, што яны сказалі.
У гэты дзень дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Літвы Гітанасам Наўседам. Палітыкі абмеркавалі важныя для беларусаў пытаньні і дамовіліся аб падтрымцы.
«Мы данесьлі нашу пазыцыю да прэзыдэнта Літвы, што нельга ставіць знак роўнасьці паміж расейцамі і беларусамі, каб у беларусаў не было адчуваньня, што ў нас няма іншага выйсьця, акрамя як „рускі сьвет“. Наадварот — дайце нам пэрспэктыву эўрапейскую. Я вельмі спадзяюся, што нас пачулі. Мы цяпер будзем актыўна працаваць зь Сеймам», — расказала Свабодзе Ціханоўская па выніках сустрэчы.
Гітанас Наўседа, камэнтуючы сустрэчу, напісаў у твітэры, што «падтрымка беларускага народу ў барацьбе за свабоду застанецца непахіснай».
Пазьней Ціханоўская далучылася да акцыі на Катэдральнай плошчы ў Вільні.
Міжнародная акцыя «Дзень салідарнасьці», прысьвечаная трэцяй гадавіне прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі і шматтысячных маршаў пратэсту пасьля іх, праходзіць па ўсім сьвеце ўжо некалькі дзён. Акцыі ў розных гарадах сьвету ў рамках «Дня салідарнасьці» пачаліся яшчэ 5 жніўня і працягнуцца па 13 жніўня.