Вярхоўная рад Ўкраіны ўхваліла зварот да лідэраў і парлямэнтаў замежных дзяржаваў з заклікам абмежаваць уезд на іхную тэрыторыю спартоўцаў і спартовых дэлегацыяў зь Беларусі і Расеі.
«У Расеі і Беларусі спорт ёсьць складнікам дзяржаўнай прапаганды вайны. Большасьць іхных спартоўцаў — прадстаўнікі сілавых структураў, а частка зь іх бярэ непасрэдны ўдзел у баявых дзеяньнях. Яны не павінны браць удзел у міжнародных спаборніцтвах нават пад нэўтральным сьцягам», — заявіла дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ірына Герашчанка.
Паводле яе, у звароце заклікалі прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона і ўсіх адказных асобаў не дапусьціць на сваю тэрыторыю «рашыстаў і беларусаў, якія пад выглядам спорту вядуць антычалавечую прапаганду».
13 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна заявіў, што не запросіць Беларусь і Расею да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе. Такое рашэньне прынялі ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі МАК для спорту ў дзьвюх краінах з прычыны вайны ва Ўкраіне.
На практыцы рашэньне МАК азначае, што Беларусь і Расея дакладна ня выступяць на Алімпіядзе пад сваімі сьцягамі. Разам з тым раней МАК дазволіў міжнародным фэдэрацыям у розных відах спорту дапускаць прадстаўнікоў дзьвюх краін у нэўтральным статусе — значыць, безь дзяржаўных сьцягоў, знакаў на форме і гімнаў.
Акрамя Беларусі і Расеі, афіцыйнага запрашэньня на Алімпіяду ў Парыжы не атрымае Гватэмала. Таксама запрашэньні тром краінам ня прыйдуць і на зімовыя Алімпійскія гульні, што адбудуцца ў італьянскай Картына-д’Ампэца ў 2026 годзе.