У Дзяржаўнай памежнай службе Латвіі паведамілі, што ў нядзелю, 6 жніўня, на латвійска-беларускай дзяржаўнай мяжы зафіксавалі «чарговую правакацыю, калі беларускія памежнікі дапамаглі 4 мужчынам незаконна трапіць у Латвію, перарэзаўшы дрот у канструкцыі агароджы».
У афіцыйным паведамленьні адзначаецца, што парушэньне дзяржаўнай мяжы Латвіі зафіксавалі памежнікі атраду «Каплава» ня мяжы зь Віцебскай вобласьцю Беларусі.
«Прадстаўнікі беларускіх уладаў дапамаглі нелегалам пераадолець агароджу, спачатку пашкодзілі яе, а потым закрылі дзірку, каб мужчыны, якія нелегальна перасеклі мяжу, не маглі вярнуцца ў Беларусь», — адзначылі ў Дзяржаўнай памежнай службе Латвіі.
Латвійскія памежнікі затрымалі ўсіх нелегальных мігрантаў і вярнулі іх у Беларусь. За апошнія содні 74 мігранты-іншаземцы спрабавалі прарвацца ў Латвію зь Беларусі.
У Польшчы — новы рэкорд
За мінулыя выходныя польскія памежнікі выявілі 350 іншаземцаў, якія спрабавалі нелегальна трапіць зь Беларусі ў Польшчу. Гэтыя выпадкі зафіксавалі на ўчастках васьмі застаў Падляскага памежнага атраду.
На ўчастку, які ахоўваецца памежнай заставай у Дубічах Царкоўных, мігранты перасякалі мяжу групамі па некалькі дзясяткаў чалавек. Яны атакавалі польскія патрулі камянямі і галінамі дрэў.
Іншаземцы спрабавалі нелегальна трапіць у Польшчу, пераплыўшы раку. Сярод незаконных мігрантаў — грамадзяне Афганістану, Сырыі, Індыі, Пакістану, Ірану, Судану, Шры-Ланкі, Алжыру, Емэна, Банглядэш і Марока.
На літоўскай мяжы найбольш спакойна
Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведаміла, што за апошнія содні не зарэгістравалі выпадкаў незаконнага перасячэньня мяжы мігрантамі з боку Беларусі.
З пачатку 2023 году зафіксавана 25 040 спробаў незаконнага пранікненьня ў Эўразьвяз зь беларускай тэрыторыі (у Польшчу — 18 187, Латвію — 5356, Літву — 1497), у тым ліку ў жніўні — 766.
- Міграцыйны крызіс пачаўся на фоне пагаршэньня адносін Беларусі зь Літвой, Латвіяй і Польшчай вясной 2021 году. Аляксандар Лукашэнка тады заявіў, што Беларусь больш ня будзе стрымліваць нелегальных мігрантаў у краіны Эўразьвязу, бо праз санкцыі «ў нас на гэта няма ні грошай, ні сіл».
- Увесну 2021 году шматкротнае павелічэньне колькасьці нелегальных мігрантаў спачатку адчула Літва. Пасьля таго як Вільня прыняла рашэньне не затрымліваць мігрантаў, а вяртаць у Беларусь, плыні нелегалаў пераарыентаваліся на Польшчу, а потым на Латвію. Гэта прывяло да напружаньня ў памежнай зоне і пастаянных сутыкненьняў літоўскіх і польскіх памежнікаў зь мігрантамі.
- Для барацьбы з плынямі мігрантаў Літва, Латвія і Польшча пабудавалі загароды на мяжы зь Беларусьсю. Таксама Літва, Латвія і Польшча прынялі рашэньне не ўпускаць мігрантаў на сваю тэрыторыю.
- Зьявіўся шэраг відэадоказаў таго, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
- Кіраўніцтва дзяржаваў Балтыі і Польшчы ўскладае адказнасьць за міграцыйны крызіс на мяжы на беларускія ўлады, тыя ў адказ называюць прычынай крызісу дзеяньні Захаду ў краінах, адкуль прыбываюць мігранты.