Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 пунктаў справаздачы Паўла Латушкі: сябра Аб’яднанага пераходнага кабінэту, лідэр НАУ выступіў перад Каардынацыйнай радай


Павал Латушка
Павал Латушка

Павал Латушка прадставіў пісьмовую справаздачу аб дзейнасьці на пасадзе чальца Кабінэту і ў якасьці кіраўніка «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» (НАУ).

Сёньня ён таксама выступіў у Варшаве на слуханьнях Каардынацыйнай рады. 2–3 жніўня перад радай выступілі чальцы Кабінэту Аліна Коўшык, Валер Сахашчык, Вольга Гарбунова і Валер Кавалеўскі. Справаздачу Латушка даў па пунктах пляну на 2022–2023 гады:

1. Падрыхтаваць папярэднюю справаздачу, на яе базе — зварот у Міжнародны крымінальны суд (МКС) па факце незаконнага перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей. Накіраваць зварот у МКС.

2. Падрыхтаваць справаздачу па фактах злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларускага грамадзтва. Накіраваць зварот у МКС і іншыя наднацыянальныя і нацыянальныя інстытуты.

3. Падрыхтаваць абгрунтаваньні для партнэраў для ўключэньня рэжымных арганізацый — КДБ і ГУБАЗіК МУС Беларусі — у сьпіс тэрарыстычных.

4. Спрыяць прыцягненьню да адказнасьці прадстаўнікоў рэжыму ў рамках мэханізмаў унівэрсальнай юрысдыкцыі.

5. Прыняць пастанову Кабінэту па санкцыйнай палітыцы і па стратэгіі «Эканамічны прымус». Падрыхтаваць абгрунтаваньні для партнэраў з мэтай лабіяваньня ўвядзеньня новых эканамічных і пэрсанальных санкцый.

6. Распрацаваць праект «Кадравая рэзэрва» і пачаць рэалізацыю праекту.

Латушка расказаў пра рашэньні шматлікіх міжнародных інстытуцыяў і нацыянальных парлямэнтаў з асуджэньнем незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і з патрабаваньнямі прыцягнуць прадстаўнікоў беларускага рэжыму да адказнасьці за гэта. Адбылося гэта, паводле Латушкі, дзякуючы высілкам яго і ягонай каманды.

Ён расказаў пра крокі, зробленыя па дасягненьні кожнай з пазначаных мэтаў. У прыватнасьці, паводле яго, напрацоўкі НАУ былі выкарыстаныя пры падрыхтоўцы чарговага пакету санкцыяў ЭЗ, прынятага 3 жніўня 2023 году, а таксама ў рашэньнях па сувэрэнных санкцыях шэрагу краінаў.

Падчас свайго выступу перад Каардынацыйнай радай Латушка прапанаваў дыялёг з прадстаўнікамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, для якіх важна захаваньне незалежнасьці Беларусі, і толькі пасьля «поўнага спыненьня рэпрэсій і гвалту» ў абмен на гарантыі «прыпыненьня працы над далейшым санкцыйным ціскам і міжнародным крымінальным перасьледам».

Палітык пэрсанальна зьвярнуўся да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ігара Сергеенкі, яго першага намесьніка — Максіма Рыжанкова і намесьніка — Максіма Ермаловіча, прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанкі, першага віцэ-прэмʼера Мікалая Снапкова, кіраўніка МЗС Сяргея Алейніка, яго намесьніка Юрыя Амбразевіча.

«Вы можаце яшчэ выратаваць краіну, выходзьце на сувязь, кантакты ў вас ёсьць, а мы працягваем працу, працягваем змагацца за Беларусь, выбірайце», — заклікаў Латушка.

Чалец АПК і лідэр НАУ таксама прапанаваў правесьці выбары ў Каардынацыйную раду «па ўмоўна мажарытарна-прапарцыйнай сыстэме» ў лютым 2024 году.

На яго думку, 50% сябраў неабходна абраць ад палітычных партыяў, грамадзкіх палітычных рухаў, незалежных прафсаюзаў, якія ліквідаваў рэжым Лукашэнкі, і новых палітычных інстытутаў, столькі ж — па пэрсанальных сьпісах.

«Выбраньне нават часовай беларускай дыяспарай і тымі беларусамі, якія прыедуць за мяжу на галасаваньне, будзе прамой крыніцай для фармаваньня легітымнага парлямэнту ўнутры Беларусі на час транзытнага пэрыяду. Новы парлямэнт сфармуе новы ўрад, які прызначыць выбраная прэзыдэнтка Сьвятлана Ціханоўская», — прапанаваў Латушка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG