Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінка стварыла бясплатную аплікацыю для пошуку жытла ў Польшчы і прапануе яе беларусам. Пагаварылі зь ёй


Ukraine - Olga Makovskaya
Ukraine - Olga Makovskaya

Вольга Макоўская кажа, што беларусы — такія ж уцекачы, як і ўкраінцы. Аплікацыю спампавалі ўжо больш за 7 тысяч разоў.

Вольга Макоўская пераехала з Кіева ў польскі Ўроцлаў год таму. Яна працуе маркетолягам дыстанцыйна, таму шукала кватэру, у якой змагла б і жыць, і працаваць. Пошукі занялі больш за месяц.

«Не магла знайсьці, бо мела шмат крытэраў да жытла. Я мелася праводзіць 24/7 у месцы, дзе плянавала жыць», — расказвае Вольга.

Вечарамі дзяўчына праглядала сайты арэнды жытла, выпісвала цікавыя варыянты, прасіла знаёмых, якія гаварылі па-польску, патэлефанаваць гаспадарам і дамовіцца. Часта аказвалася, што яна ўжо недзе дзясятая ў чарзе на кватэру, а значыць, шанцаў наняць жытло амаль не было. Урэшце зьвярнулася да рыэлтара, які дапамог знайсьці добры варыянт. Аднак ягоныя паслугі каштавалі больш, чым арэнда кватэры на месяц.

Да таго ж Вольга заўважыла, што ўцекачам зь іншых краін — і беларусам, і ўкраінцам — цяжэй знайсьці жытло ў Польшчы, чым палякам. Часам арандатары пазначаюць у абвестках, што не здаюць жытло іншаземцам, або ўжо ў размове ахвотней ідуць насустрач тым, хто добра валодае польскай мовай.

Так узьнікла ідэя зрабіць аплікацыю, якая дапаможа шукаць жытло больш эфэктыўна. Праграма RentMe пачала працаваць сёлета ў траўні. Гэта агрэгатар самых папулярных сайтаў арэнды жытла ў Польшчы olx.pl і otodom.pl. Карыстальнік можа выбраць патрэбныя крытэры: горад, тып жытла, колькасьць пакояў, плошчу жытла, кошт арэнды. Калі публікуюць абвестку, якая пасуе па ўсіх крытэрах, чалавеку цягам 5 хвілін прыходзіць апавяшчэньне.

«Самае галоўнае — гэта хуткасьць», — тлумачыць Вольга.

Дзякуючы апэратыўнаму апавяшчэньню чалавек можа першым дазваніцца да гаспадароў, першым дамовіцца яе паглядзець і заключыць дамову.

Цяпер аплікацыя працуе ў васьмі гарадах Польшчы: Варшаве, Лодзі, Кракаве, Гданьску, Уроцлаве, Познані, Шчэціне, Быдгашчы.

«Адзін раз адзін даляр нам даслалі»

На распрацоўку аплікацыі пайшло 3 месяцы і менш за 3 тысячы даляраў. Над ёй працавалі два распрацоўшчыкі, дызайнэрка і два маркетолягі — Вольга і ейны хлопец. Цяпер праграма бясплатная. Аўтарка не зарабляе на ёй, там няма рэклямы і платнага кантэнту, аднак можна пакідаць данаты.

«Адзін раз адзін даляр нам даслалі. Мне здаецца, што гэта нехта зь сяброў. І потым яшчэ адзін ці два разы хтосьці даслаў. Мне здаецца, што нехта зь Беларусі», — успамінае Вольга.

З пачатку працы аплікацыю спампавалі каля 7 тысяч разоў. Даслалі каля сотні водгукаў. Вольга адзначае, што часьцей пішуць заўвагі, хоць шмат і падзякаў. Сярод прапановаў — дадаць іншыя гарады (прыкладам, буйны горад Катавіцы), зрабіць фільтар для людзей з жывёламі.

«Я падумала, што гэта, відаць, праблема. Людзям з жывёламі ў разы складаней знайсьці жытло», — разважае суразмоўца.

Вольгу не бянтэжыць, што пакуль яна толькі інвэстуе ў аплікацыю, але нічога не зарабляе. Яна бачыць набытак у тым, што праграма карысная для людзей, і спадзяецца, што некалі ейны твор прынясе ёй і грошы.

«Я яшчэ буду шукаць жытло. У вялікай колькасьці сяброў гэтая праблема ўзьнікае не аднаразова. Яны ўжо знаходзілі жытло дзякуючы гэтай аплікацыі. Як маркетоляг я разумею, што гэта клясны праект. Я зьбіраю на пляцоўцы людзей з аднолькавым болем. У пэрспэктыве гэта можа ператварыцца ў кам’юніці. Хацелася б зрабіць гэтую аплікацыю камэрцыйнай, каб манэтызаваць інвэстыцыі», — прызнаецца Вольга.

Дзе шукаць жытло ў Польшчы

Сярэднія кошты на арэнду жытла ў Польшчы

Варшава

Пакой — $325–450

Аднапакаёўка — $500–800

Двухпакаёўка — $650–1000

Гданьск

Пакой — $225–350

Аднапакаёўка — $500–700

Двухпакаёўка — $600–900

Уроцлаў

Пакой — $250–400

Аднапакаёўка — $350–650

Двухпакаёўка — $600–900

Познань

Пакой — $200–425

Аднапакаёўка — $400–650

Двухпакаёўка — $500–750

Беласток

Пакой — $150–250

Аднапакаёўка — $270–500

Двухпакаёўка — $400–650

Кракаў

Пакой — $200–400

Аднапакаёўка — $400–700

Двухпакаёўка — $500–900

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG