У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі аб павелічэньні аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй, якія ўяжджаюць на літоўскую тэрыторыю.
«У Беларусі няма мора, апроч таго, на Захад на самалётах беларусы ня могуць падарожнічаць ва ўсе краіны, таму, магчыма, беларусы едуць у Літву і Латвію ў адпачынак або праз аэрапорты гэтых краін ляцяць адпачываць на Захад», — працытаваў партал Delfi прадстаўніцу Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Ліну Лаўрынайціце-Грыген.
Згодна са статыстыкай, у студзені ў Літву ўехалі 106 000 аўтамабіляў зь нумарамі беларускай рэгістрацыі, у лютым — 97 000, у сакавіку — 115 000, у траўні — 120 000, у чэрвені — 126 000.
Арунас Візіцкас, заснавальнік літоўскага парталу Pricer.lt, які зьбірае ўсю інфармацыю аб цэнах і акцыях на брэндавую прадукцыю, лічыць, што беларусы выкарыстоўваюць магчымасьць, каб набыць тавары, якія зьніклі зь беларускага рынку.
«Яны едуць за добра вядомымі брэндамі, калі казаць аб алькаголі і адзеньні, магчыма, за электронікай. Часткова гэта зьвязана з меншымі падаткамі, а таксама з уведзенымі санкцыямі», — мяркуе Арунас Візіцкас.
У публікацыі адзначаецца, што беларусы вельмі актыўна выкарыстоўваюць магчымасьць вярнуць на мяжы ПДВ, сплачаны пры набыцьці тавару. Найчасьцей, адзначаюць літоўскія спэцыялісты, адпаведныя дакумэнты для працэдуры Tax Free афармляюць у крамах з таварамі для спорту, разваг, адзеньня, абутку і аксэсуараў.