Дзесяцёх палітзьняволеных асудзілі на тэрміны ад 11 да 15 гадоў калёніі. Іх усіх абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве», а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Усе палітвязьні не прызналі сваёй віны ў справе.
Вярхоўны суд 28 ліпеня разгледзеў апэляцыйныя скаргі палітвязьняў. Рашэньне прымала судовая калегія пад старшынствам судзьдзі Ўладзімера Давыдава. Чакаецца, што неўзабаве палітвязьняў перавядуць у калёніі.
Вярхоўны суд зацьвердзіў пакараньні:
Сяргей Шэлест — 14 гадоў калёніі, Уладзімер Жураўка — 15 гадоў, Андрэй Пагерыла — 14 гадоў, Ганна Аблаб — 11 гадоў, Аляксандар Гашнікаў — 14 гадоў, Сяргей Дзюба — 12 гадоў, Ігар Мінц — 12 гадоў, Валянцін Цераневіч — 12 гадоў, Сяргей Шамецька — 12 гадоў, Аляксандар Капшуль — 15 гадоў.
Згодна з матэрыяламі справы, удзельнікі ініцыятывы «Рабочы Рух» нібыта ажыцьцяўлялі «супрацьпраўную дзейнасьць па зборы і перадачы замежнай дзяржаве і арганізацыі, іх прадстаўнікам (у тым ліку спэцслужбам ЗША і Літвы) службовай інфармацыі абмежаванага характару ў дачыненьні да беларускіх суб’ектаў гаспадараньня аб спосабах абыходу мераў абмежавальнага характару (санкцыяў), а таксама мэханізмах супрацьдзеяньня такім спосабам».
Пракуратура сьцьвярджала, што асобныя фігуранты справы «плянавалі варыянты блякаваньня вытворчасьці на „Гродна Азоце“ і Беларускім мэталюргічным заводзе».
Паводле зьвестак «Вясны», адным з галоўных доказаў у справе стаў запіс зум-канфэрэнцыі, на якой прысутнічала беларускі дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская і фігуранты справы. Запіс зрабіў супрацоўнік спэцслужбаў, які ўдзельнічаў у размове.
Практычна ўсе фігуранты не прызналі віну. Толькі Пагерыла часткова пагадзіўся з абвінавачаньнем у частцы арт. 188.
9 лютага суд Цэнтральнага раёну Менску ў закрытым рэжыме разгледзеў калектыўную скаргу на рашэнне КДБ аб прызнаньні ініцыятывы «Рабочы рух» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Пра вынікі паседжаньня не паведамлялася, але ведамствы працягваюць называць гэтую ініцыятыву «экстрэмісцкай».
Што такое «Рабочы рух»
Ініцыятыва «Рабочы рух» узьнікла пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году як «абʼяднаньне працоўных людзей Беларусі для абароны сваіх грамадзянскіх і працоўных правоў і свабодаў».
Сябры ініцыятывы патрабавалі спыненьня гвалту сілавікоў над мірнымі грамадзянамі, вызваленьня ўсіх палітвязьняў і адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Пасьля выкананьня гэтых патрабаваньняў яны мелі намер заняцца рэфармаваньнем працоўнай сфэры на карысьць працоўных.
У верасьні 2021 году КДБ прызнаў «Рабочы рух» «экстрэмісцкім фармаваньнем». Ініцыятыва стала першым абʼяднаньнем грамадзянаў, якое надзялілі гэтым статусам.
Справай «Рабочага руху» займаўся КДБ. Падставай для яе сталі спробы арганізаваць страйк на буйных прамысловых прадпрыемствах.
Суд над «Рабочым рухам»
Суд у справе «Рабочага руху» прайшоў у Гомельскім абласным судзе з 9 лістапада па 17 лютага. Фігурантамі справы былі адразу 10 палітвязьняў — Аляксандар Капшуль, Сяргей Шэлест, Уладзімер Жураўка, Андрэй Пагерыла, Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Ігар Мінц, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька.
Усіх абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, а таксама паводле шэрагу іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Працэс вядзе судзьдзя Аляксандар Піскуноў.
Усе 10 палітвязьняў не прызналі віны ў здрадзе дзяржаве. Таксама яны адмовіліся даваць паказаньні, таму на працэсе праглядалі відэа допытаў з папярэдняга сьледзтва ў КДБ.
27 сьнежня працэс у справе «Рабочага руху» закрылі да вынясеньня прысуду, піша «Вясна». 27 сьнежня стала вядома, што ўсе фігуранты справы адмовіліся даваць паказаньні ў судзе.
17 лютага судзьдзя Аляксандар Піскуноў пакараў:
- Сяргея Шэлеста — 14 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Уладзімера Жураўку — 15 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Андрэя Пагерылу — 14 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Ганну Аблаб — 11 гадамі калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму;
- Аляксандра Гашнікава — 14 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Сяргея Дзюбу — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Ігара Мінца — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Валянціна Цераневіча — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Сяргея Шамецьку — 12 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
- Аляксандра Капшуля — 15 гадамі калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Апрача таго, для асуджаных прадугледжаныя штрафы ад 100 да 500 базавых велічыняў.