«Групы дронаў заходзілі на Кіеў адначасова зь некалькіх кірункаў. Аднак сіламі і сродкамі СПА ўсе паветраныя цэлі — больш за 10 БПЛА — былі своечасова выяўленыя і зьнішчаныя», — перадае кіраўнік гарадзкой вайсковай адміністрацыі Сяргей Папко.
Мэр Кіева Віталь Клічко паведамляе, што ў трох раёнах гораду ўпалі абломкі зьбітых бесьпілётнікаў, але сур’ёзных разбурэньняў няма: у адным месцы пашкоджана нежылое памяшканьне, у іншым загарэлася дрэва.
Ува ўкраінскіх партах на Дунаі пасьля расейскага ўдару «Шахедамі» гэтай ноччу ўспыхнулі пажары, пашкоджаны элеватар, паведамляе кіраўнік Адэскай абласной адміністрацыі Алег Кіпер.
«На 05:30 зьвестак аб пацярпелых не паступала. Канчатковыя зьвесткі і вынікі баявой працы будуць ад вайсковага камандаваньня», — гаворыцца ў допісе Кіпера.
«Відавочнай мэтай ворага былі абʼекты партовай і прамысловай інфраструктуры рэгіёну», — дадалі ў апэратыўным камандаваньні «Поўдзень».
Удары па Адэскай вобласьці пачасьціліся пасьля выхаду Расеі з «збожжавай угоды». З 18 ліпеня армія Расеі бʼе па абʼектах партовай інфраструктуры на поўдні Ўкраіны і называе гэта «ўдарамі адплаты» за выбух на Крымскім мосьце.
«Праз 2-3 месяцы ў нас можа не застацца партоў», — заяўляла сьпікер апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» Натальля Гумянюк.