Паводле інфармацыі Mayday, колішні кіраўнік Музэю гісторыі Магілёву Аляксей Бацюкоў на волі.
У пятніцу, 28 ліпеня, Бацюкова затрымалі раніцай, пасьля чаго адправілі ў ІЧУ. Там ён прабыў тры дні, затым выйшаў.
Раней Бацюкова затрымлівалі ў 2020 годзе за «ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі». Тады суд аштрафаваў яго.
У студзені 2021 году з Аляксеем Бацюковым не працягнулі працоўны кантракт, і ён пакінуў пасаду дырэктара.
За амаль 10-гадовае кіраўніцтва Бацюкова музэйная ўстанова здолела на ахвяраваньні вярнуць у Беларусь і папоўніць калекцыю каштоўнымі артэфактамі і старадрукамі. Сярод іх Статут Вялікага Княства Літоўскага і кніга Казіміра Семяновіча «Вялікае майстэрства артылерыі». Музэй стаў пляцоўкай для асьветных, культурных ды музычных імпрэзаў.