Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд зьліквідаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня, травень 2020 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Збор подпісаў за вылучэньне ў кандыдаты ў прэзыдэнты старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня, травень 2020 году

Партыю «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» прыбралі з актуальнага пераліку палітычных партый Беларусі, разьмешчанага на сайце Міністэрства юстыцыі.

31 ліпеня Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі партыі. Афіцыйна прадстаўнікі суду не камэнтавалі яго рашэньне.

Лідэр партыі Сяргей Чэрачань паведаміў ТАСС, што яе прадстаўнікі ня ўдзельнічалі ў судовым працэсе. «Рашэньне адназначнае і не патрабуе нашай прысутнасьці. Калі атрымаем дакумэнты на рукі, паведамім», — сказаў ён.

Пра тое, што Вярхоўны суд разгледзіць справу па пазове Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі партыі, стала вядома ў чэрвені.

Раней Міністэрства юстыцыі адмовілася разглядаць пытаньне аб перарэгістрацыі беларускай партыі «Зялёныя», якая падала дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў 31 траўня.

Акрамя «Зялёных», дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў падалі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет».

5 чэрвеня прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП (Грамада), Партыі БНФ і БПЗ заклікалі спыніць дзеяньне новага закону «Аб палітычных партыях» за неадпаведнасьць дакумэнта Канстытуцыі.

Сёлета 25 студзеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адразу ў двух чытаньнях прынялі законапраект «Аб зьмене законаў у пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў». 14 лютага Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон. На працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу ўсе партыі, якія існуюць, павінны прайсьці працэдуру перарэгістрацыі.

Праваабаронцы і шэраг прадстаўнікоў апазыцыйных сіл нэгатыўна расцанілі папраўкі ў закон аб партыях. Яны канстатавалі, што яго прыняцьце пакіне ў Беларусі толькі праўладныя палітычныя структуры.

Колькасьць палітычных партый у Беларусі пасьля перарэгістрацыі зьменшыцца з 15 «да трох-чатырох», сказаў міністар юстыцыі Сяргей Хаменка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG