Геапалітычны дыспут у нядаўнім спэцыяльным выпуску на тэлеканале «Расія-1» прыняў нечаканы паварот: абмяркоўвалася пытаньне, што рабіць з Турэччынайі яе суседзямі. «З Турэччынай ваяваць ня будзем, з Турэччынай мы з часоў памідораў неяк дамаўляемся, а Баўгарыя і Румынія — гэта проста базы NATO! — усклікнуў віцэ-сьпікер Дзярждумы Расеі Пётр Талстой. — Гэта ня тыя дзяржавы, зь якімі мае сэнс сюсюкаць! У Баўгарыі, там усё ўзьбярэжжа — нашы грамадзяне. У гэтым сэнсе ніякіх праблем няма». — «Проста шарахнем?» — спыталася яго вядоўца Скабеева. «Оля, мы шарахнем, але спачатку нам трэба скончыць ва Ўкраіне, — адказаў Талстой. — А потым спакойна будзем шарахаць і шарахаць. Басфор і Дарданэлы!.. Кантроль над Чорным морам павінен быць у руках расейскай арміі і флёту!»
Рэакцыя ў Баўгарыі
Адзін з важных расейскіх палітыкаў адкрыта прызнаў, што Ўкраіна не зьяўляецца апошнім аб’ектам ваеннай агрэсіі яго краіны і што вайна можа распаўсюдзіцца на Балканы, піша аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода Генадзі Габрыэлян. «Віцэ-сьпікер ніжняй палаты расейскага парлямэнту пазначыў Баўгарыю і Румынію як магчымыя абʼекты будучай расейскай экспансіі!» — так рэагавалі на заяву Талстога баўгарскія аглядальнікі. Талстой хоча сказаць, што ў Баўгарыі ўсё ўзьбярэжжа занятае расейскімі грамадзянамі, якія чакаюць знаку, каб пачаць бунтаваць? — пытаюцца баўгары. Раздаваліся і прапановы да пракуратуры: пачаць прымяняць крымінальны кодэкс у частцы зяржаўнай здрады супраць баўгараў, якія абслугоўваюць расейскія інтарэсы ў сваёй краіне.
Прэзыдэнт Румэн Радзеў, які спачувае Крамлю, больш не павінен быць галоўнакамандуючым узброенымі сіламі Баўгарыі, заявіла Атлянтычная рада Баўгарыі.
Расейскі апазыцыйны палітык Генадзі Гудкоў знайшоў прытулак у Баўгарыі ў той момант, калі на радзіме яму пагражаў арышт. Цяпер ён узначальвае зарэгістраваную ў Сафіі грамадзкую арганізацыю «За свабодную Расею». У інтэрвію Радыё Свабода Гудкоў адзначыў, што выказваньне віцэ-сьпікера Дзярждумы ўяўляе сабой помсту пуцінскага рэжыму Баўгарыі за тое, што яна — сябра NATO, які супрацьстаіць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне. Апошнім часам асабліва актыўна: прынята рашэньне паставіць Кіеву цяжкае ўзбраеньне.
Паводле Гудкова, таксама ў апошні час рэзка павялічылася колькасьць расейцаў, якія хаваюцца ў Баўгарыі ад пуцінскага рэжыму. Але і наяўнасьць прамаскоўскіх сіл у Баўгарыі недаацэньваць нельга.
- Даведка: адзіны нацыянальны рэестар БУЛСТАТ пры міністэрстве юстыцыі налічвае 84 тысячы жылых абʼектаў, якія належаць расейцам; гэта амаль выключна сэзонная нерухомасьць, якая выкарыстоўваецца ў летні пэрыяд.
Якая небясьпека для Балканаў
Заява Пятра Талстога адлюстроўвае, на думку рэгіянальных назіральнікаў, агульнае імкненьне Крамля выкарыстаць любую магчымасьць для разбалянсаваньня палітычных структур Балканскага рэгіёну.
Так, на мяжы распаду аказалася Босьнія і Герцагавіна з прычыны дзеяньняў лідэра басьнійскіх сэрбаў Міларада Додзіка, адзначаў у канцы чэрвеня аналітычны рэсурс intellinews.com. Кіраўнік Рэспублікі Сэрбскай і яго партыя «Саюз незалежных сацыял-дэмакратаў» (СНСД) перайшлі да ліквідацыі, ігнараваньня або блякаваньня працы дзяржаўных інстытутаў і офіса Вярхоўнага прадстаўніка па Босьніі і Герцагавіне, што стала самым радыкальным крокам да распаду краіны на сёньняшні дзень. «Ёсьць падазрэньні, што Додзік актывізаваў сваю дзейнасьць пры падтрымцы прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, верным прыхільнікам якога зьяўляецца. Апошнім часам ён двойчы сустракаўся з Пуціным, пры тым, што гэтыя візыты асуджаліся заходнімі партнэрамі Босьніі».
Ёсьць таксама паведамленьні, што расейскія інструктары рыхтуюць спэцназаўцаў Рэспублікі Сэрбскай да вядзеньня баявых дзеяньняў у населеных пунктах. Паравайсковыя групоўкі сэрбскіх нацыяналістаў знаходзяцца пад кантролем Міларада Додзіка і фінансуюцца расейскімі спэцслужбамі. Як пісаў Ісмэт Чанчар, аналітык Каралеўскага інстытуту абʼяднаных службаў (The Royal United Services Institute), аналітычнага цэнтра ў галіне абароны і бясьпекі са штаб-кватэрай у Лёндане, паводле аднаго са сцэнароў, у выпадку аддзяленьня Рэспублікі Сэрбскай ад БіГ «Расея прызнае РС і акажа ёй усю неабходную падтрымку, у прыватнасьці, у выглядзе ваенізаваных падразьдзяленьняў групы „Вагнэр“, што можа справакаваць узброены канфлікт у БіГ. Як і падчас агрэсіі супраць БіГ у 1990-х гадах, Сэрбія будзе служыць матэрыяльна-тэхнічнай базай для сэрбскіх нацыянальных і прарасейскіх ваенізаваных фарміраваньняў: буйныя партыі ПТРК „Карнэт“, закупленыя для сэрбскай арміі, а таксама іншыя віды ўзбраеньняў, хутчэй за ўсё, трапяць у рукі сэрбскіх сэпаратыстаў у БіГ».
Наколькі рэальнымі могуць быць непасрэдныя пагрозы для балканскіх краін, відаць з наступнага паведамленьня: на гэтым тыдні нядаўна створаная Рада NATO— Украіна, асудзіўшы рашэньне Расеі выйсьці са збожжавай угоды, адзначыў, што новая «зона папярэджаньня» Расеі ў Чорным моры ў межах выключнай эканамічнай зоны Баўгарыі стварае новыя рызыкі для эскаляцыі абстаноўкі. Адпаведна, блёк NATO і яго хаўрусьнікі ўзмацняюць назіраньне і выведку ў Чарнаморскім рэгіёне, у тым ліку з дапамогай марскіх патрульных самалётаў і беспілётнікаў. З мінулага году ў адказ на поўнамаштабную вайну Расеі супраць Украіны NATO значна павялічыла сваю прысутнасьць у рэгіёне, у тым ліку стварыўшы дзьве новыя шматнацыянальныя баявыя групы ў Баўгарыі і Румыніі.