Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх і расейскіх спартоўцаў адхілілі ад тэніснага турніру ў Празе


Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка. Архіўнае фота
Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка. Архіўнае фота

Урад Чэхіі забараніў спартоўцам з Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі краіны з прычыны ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.

Беларускія і расейскія гульцы ня змогуць удзельнічаць у адкрытым чэмпіянаце па тэнісе ў Празе на наступным тыдні, паведамляе Sport.cz.

Аб’ява прагучала празь дзень пасьля таго, як чэская паліцыя не дазволіла расейскаму гульцу ўехаць у краіну. Дырэктар турніру Міраслаў Малы не назваў спартоўца, але падкрэсьліў, што гэта быў першы ўдзельнік з расейскім пашпартам, які прыбыў у краіну. Пасьля гэтага выпадку праз Жаночую тэнісную асацыяцыю (WTA) арганізатары зьвярнуліся да іншых беларускіх і расейскіх гульцоў, каб тыя ня ехалі ў Прагу.

Жаночая тэнісная асацыяцыя (WTA) дазваляе расейцам і беларусам выступаць на турнірах у нэўтральным статусе. Між тым урад Чэхіі забараніў спартоўцам з Расеі і Беларусі ўдзельнічаць у спаборніцтвах на тэрыторыі краіны з прычыны збройнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, якое падтрымалі ўлады Беларусі.

На мінулым тыдні расейскай тэнісістцы Веры Званаровай забаранілі ўезд у Польшчу на турнір WTA ў Варшаве.

Алімпійскія гульні ў нэўтральным статусе

13 ліпеня Міжнародны алімпійскі камітэт афіцыйна заявіў, што не запросіць Беларусь і Расею да ўдзелу ў летніх Алімпійскіх гульнях, якія пройдуць у Парыжы ў 2024 годзе. Такое рашэньне прынялі ў сувязі з санкцыямі, уведзенымі МАК у дачыненьні да спорту ў дзьвюх краінах з прычыны вайны ва Ўкраіне.

На справе рашэньне МАК азначае, што Беларусь і Расея дакладна ня выступяць на Алімпіядзе пад сваімі сьцягамі. Разам з тым раней МАК дазволіў міжнародным фэдэрацыям у розных відах спорту дапускаць прадстаўнікоў дзьвюх краін у нэўтральным статусе — значыць, безь дзяржаўных сьцягоў, знакаў на форме і гімнаў.

Акрамя Беларусі і Расеі, афіцыйнага запрашэньня на Алімпіяду ў Парыжы не атрымае Гватэмала. Таксама запрашэньні тром краінам ня прыйдуць і на зімовыя Алімпійскія гульні, што адбудуцца ў італьянскай Картына-д'Ампэца ў 2026 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG