Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША рыхтуюць рэкордны абаронны бюджэт на 2024 год


Падразьдзелы арміі ЗША ў Ізраілі. Ілюстрацыйнае фота
Падразьдзелы арміі ЗША ў Ізраілі. Ілюстрацыйнае фота

Абаронны бюджэт ЗША на 2024 год пасьля завяршэньня заканадаўчых працэдур можа дасягнуць 886 мільярдаў даляраў.

Сэнат Кангрэсу ЗША ухваліў вэрсію абароннага бюджэту краіны на наступны году вартасьцю 886 мільярдаў даляраў, што зьяўляецца рэкордам за апошнія некалькі гадоў.

Але, як паведаміў «Голас Амэрыкі», Палата прадстаўнікоў раней ухваліла іншую вэрсію праекту, у які ўключыла некалькі кансэрватыўных нормаў.

Законапраект зьмяшчае некалькі ключавых палажэньняў, у тым ліку абмежаваньне амэрыканскіх інвэстыцый у кітайскі бізнэс у сфэры штучнага інтэлекту і паўправаднікоў.

Апроч таго, дакумэнт прадугледжвае павелічэньне заробкаў вайскоўцаў на 5,2% і выдзяленьне 300 мільёнаў даляраў на дапамогу Ўкраіны для барацьбы з расейскай агрэсіяй.

«Гэты законапраект — наша найбольшая магчымасьць вызначыць прыярытэты ў канкурэнцыі з такімі супраціўнікамі, як Кітай і Расея. Гэта наш шанц захаваць фокус увагі адміністрацыі Байдэна на такіх найбольш важных задачах, як аднаўленьне вайскова-прамысловай базы Амэрыкі», — заявіў лідэр рэспубліканскай меншасьці Мітч Макконэл.

У той жа час Сэнат адхіліў прапанову даць дазвол на жыхарства 80 тысячам афганцаў, якія пераехалі ў ЗША пасьля прыходу да ўлады Талібану.

Цяпер абедзьве палаты Кангрэсу ЗША мусяць правесьці ўзгадняльныя працэдуры і выпрацаваць новую вэрсію, якую змогуць ухваліць абедзьве палаты і падпісаць прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн. Цяпер Кангрэс ЗША на вакацыях, да сярэдзіны верасьня.

Абаронны бюджэт ЗША ў 2021 годзе складаў 740 мільярдаў, у 2022-м — 750 мільярдаў, у 2023-м — 858 мільярдаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG