Міністэрства моладзі і спорту Ўкраіны зьмяніла тэкст загаду аб забароне на ўдзел украінскіх спартоўцаў у спаборніцтвах, дзе прысутнічаюць атлеты з Расеі ці Беларусі.
Цяпер украінцам забаронены ўдзел толькі ў тых спаборніцтвах, дзе расейцы і беларусы выступаюць «пад сваім нацыянальным сьцягам, выкарыстоўваюць нацыянальную сымболіку або дзеяньнямі ці выказваньнямі выказваюць прыналежнасьць да Расеі ці Беларусі».
У тэксьце гэтага закону пад «нацыянальным» у Беларусі маецца на ўвазе дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг.
Новая рэдакцыя азначае, што Ўкраіна спыняе поўны байкот спаборніцтваў, дзе спартоўцы з Расеі і Беларусі выступаюць у нэўтральным статусе. Праўдападобна, беларусы і расейцы выступяць на Алімпійскіх гульнях 2024 году ў Парыжы акурат не пад дзяржаўнымі сымбалямі, а толькі як нэўтральныя спартоўцы.
Рашэньне ўкраінскага міністэрства было прадыктавана паўнамаштабнай вайной, якую Расея пачала супраць Украіны ў лютым 2022 году, а Беларусь рашэньнем Лукашэнкі падтрымала.
Праз раней абвешчаны татальны байкот украінцы прапусьцілі:
- Чэмпіянат сьвету ў дзюдо і некалькі адборачных стартаў да Алімпіяды-2024;
- Індывідуальны чэмпіянат Эўропы ў фэхтаваньні і некалькі адборачных стартаў да Алімпіяды-2024;
- Старты ў дужаньні;
- Спаборніцтвы ў шахматах.
Шэраг беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць улады Лукашэнкі і супраць вайны, вымушаныя былі зьехаць за мяжу. Яны неаднаразова скардзіліся на дзеяньні МАК, які амаль за тры гады пасьля пратэстаў ня вырашыў праблемы зь іх статусам і не пакараў дзяржаву за ўмяшаньне ў працу Нацыянальнага алімпійскага камітэту, затое заклапаціўся магчымасьцю іншых атлетаў прымаць удзел у міжнародных стартах.
У такім становішчы, напрыклад, апынуліся лёгкаатлеты Андрэй Краўчанка і Яна Максімава. Яны пакінулі Беларусь праз палітычны перасьлед, а выступаць у нэўтральным статусе змогуць толькі ляяльныя ўладам спартоўцы, якіх адправіць на Алімпіяду Міністэрства спорту.