Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі судзяць журналістку Шчыракову. Ёй пагражае да 7 гадоў зьняволеньня


Ларыса Шчыракова. Архіўнае фота
Ларыса Шчыракова. Архіўнае фота

Журналістку абвінавачваюць паводле крымінальных артыкулаў 361-4  ч. 1 і 2 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Справу журналісткі Ларысы Шчыраковай у Гомельскім абласным судзе разглядае Мікалай Доля. Працэс закрыты.

Палітзьняволеную, затрыманую 6 сьнежня 2023 году, абвінавачваюць паводле крамінальных артыкулаў 361-4 ч. 1 і 2 («Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») і 369-1 («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»).

Паводле матэрыялаў справы, Ларыса Шчыракова нібыта зьмясьціла ў інтэрнэце зьвесткі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь. Яе вінавацяць таксама ў «зборы, стварэньні, апрацоўцы, захоўваньні і перадачы інфармацыі для „Вясны“ і „Белсату“».

Журналістцы можа пагражаць да 7 гадоў зьняволеньня.

30 траўня Ларыса Шчыракова мела першае спатканьне з сынам у гомельскім СІЗА. У пачатку чэрвеня ў яе памерла маці.

Камітэт правоў чалавека ААН разгледзеў звароты чатырох беларускіх журналістаў, у тым ліку Шчыраковай, і прызнаў Беларусь вінаватай у парушэньні іхных правоў на законнае права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, замацаванае артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Як паведамляе БАЖ, у Камітэт правоў чалавека ААН праз сваіх прававых адвакатаў колькі часу таму зьвярталіся Тацяна Смоткіна, Зьміцер Лупач, Тамара Шчапёткіна і Ларыса Шчыракова.

Сутнасьць іх скаргі палягала ў тым, што ўлады Беларусі парушылі правы журналістаў на свабоду выказваньня думкі. Улады прыцягнулі гэтых журналістаў да адказнасьці і наклалі на ўсіх адміністрацыйныя штрафы быццам за распаўсюд прадукцыі СМІ без адпаведнай акрэдытацыі.

14 сакавіка 2023 году Камітэт ААН разгледзеў іх скаргі па сутнасьці.

У Камітэце ААН адзначылі, што частка 3-я артыкулу 19 Пакту дазваляе абмежаваньні свабоды выказваньня думак, у тым ліку свабоды выказваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі толькі ў той ступені, у якой гэта прадугледжана законам, і толькі калі яны неабходныя для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў; або для абароны нацыянальнай бясьпекі або грамадзкага парадку, або здароўя і маральнасьці насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG