Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даклад брытанскіх дэпутатаў крытыкуе неэфэктыўную барацьбу з наймітамі «Вагнэра»


Найміты расейскай ПВК «Вагнэр» у Беларусі
Найміты расейскай ПВК «Вагнэр» у Беларусі

82-старонкавы даклад «Зброя за золата: выкрыцьцё сеткі „Вагнэра“» зьявіўся на сайце парлямэнту 26 ліпеня 2023.

Камітэт міжнародных справаў Палаты грамад брытанскага парлямэнту апублікаваў даклад аб дзейнасьці ПВК «Вагнэр», пераважна ў краінах Афрыкі, у якім раскрытыкаваў брытанскі ўрад за адсутнасьць выразнай стратэгіі барацьбы з гэтай структурай, піша Бі-Бі-Сі.

Пры яго складаньні дакладу выкарысталі адкрытыя крыніцы, а таксама сьведчаньні «былога найстарэйшага баевіка „Вагнэра“» (яго імя не раскрываецца; ананімізаваныя пісьмовыя паказаньні гэтага чалавека былі апублікаваныя 20 ліпеня).

У дакумэнце аналізуецца дзейнасьць гэтай структуры ў розных краінах сьвету, перш за ўсё ў сямі, дзе яна была асабліва актыўная: ва Ўкраіне, Сырыі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы, Судане, Лібіі, Мазамбіку і Малі.

Галоўны пасыл дакумэнта тычыцца дзеяньняў у адказ, а часта бязьдзейнасьці, брытанскага ўраду.

«За 10 гадоў з утварэньня сеткі „Вагнэра“ ўрад Злучанага Каралеўства так і не абзавёўся складнай стратэгіяй, а намаганьні, закліканыя асэнсавана змагацца з „Вагнэрам“, адсутнічалі. Гэта дазволіла сетцы разрасьціся, запусьціць шчупальцы ўглыб Афрыкі і эксплюатаваць краіны, якія стаяць на каленях праз канфлікты і нестабільнасьць. Адкуль сыходзіць Захад, туды прыходзіць „Вагнэр“, які ў пакутах бачыць удалыя для сябе магчымасьці, а ў хаосе — нажыву», — заявіла старшыня камітэту Алісія Кернс.

Парлямэнтарыі заклікаюць, па-першае, прапаноўваць нестабільным краінам уласныя паслугі, каб яны не былі вымушаныя спадзявацца на «Вагнэр», і, па-другое, больш рашуча прымяняць санкцыі да тых, хто фінансуе гэтую структуру — цяперашніх санкцый, на іх думку, недастаткова.

«Мы не перакананыя, што ўведзеныя ўрадам „санкцыі“ супраць гэтай групы сапраўды ахопліваюць складанае павуціньне структур, якія ляжаць пад ёй», — заявіла Кернс.

У дакладзе ёсьць параўнальная табліца санкцый, уведзеных у ЗША, Эўразьвязе і Вялікай Брытаніі ў дачыненьні да фізычных асоб і кампаній, зьвязаных з «Вагнэрам».

Зь яе вынікае, напрыклад, што супраць Абаса Джумы, Аляксандра Малалеткі або Максіма Шугалея (усе яны называліся ў СМІ як кіраўнікі розных кірункаў дзейнасьці «Вагнэра») Вялікая Брытанія ніякіх санкцый ня ўводзіла, у адрозьненьне ад сваіх галоўных саюзьнікаў.

Пасьля чэрвеньскага мяцяжу Прыгожына будучыня «Вагнэра» застаецца незразумелай, але парлямэнтары адзначаюць, што гэтая структура і раней была здольная гнутка мяняць канфігурацыю.

«У момант, калі сетка найбольш уразьлівая, прыйшоў час дзейнічаць», — падкрэсьлівае старшыня камітэту.

У дакладзе таксама адзначаецца, што хаця «Вагнэр» часта дзейнічае ў інтарэсах расейскай дзяржавы (гэта нядаўна прызнаў нават сам Уладзімір Пуцін), часам ён дзейнічае і ва ўласных чыста камэрцыйных інтарэсах.

Камітэт міжнародных справаў пачаў сваё расьсьледаваньне дзейнасьці «Вагнэра» даволі хутка пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну, 30 сакавіка 2022 году; тады арганізацыя толькі пачынала шырокі набор наймітаў на вайну ў суседняй краіне.

За год зь нечым, які мінуў, адбылося тры вусныя слуханьні, пратаколы якіх апублікаваны на сайце парлямэнту і ўключаны ў тэкст дакладу. Сярод шырока вядомых сьведкаў можна згадаць расьсьледніка Bellingcat Хрыста Грозева і Міхаіла Хадаркоўскага, якога парлямэнтары называюць грамадзкім дзеячам, былым палітычным вязьнем і прадэмакратычным актывістам.

Таксама паказаньні даў Джэйсан Мак’ю, брытанскі адвакат, які падае ў суды розныя патрабаваньні ад імя ўкраінскіх ахвяр расейскай агрэсіі. Адно зь ягоных патрабаваньняў датычыцца прызнаньня «Вагнэра» тэрарыстычнай арганізацыяй у Вялікай Брытаніі; менавіта з гэтым быў зьвязаны яго выступ перад дэпутатамі, казаў ён у сваіх паказаньнях.

Акрамя гэтага, камітэт прыняў і апублікаваў цэлы шэраг пісьмовых сьведчаньняў ад экспэртаў (напрыклад, палітоляга — спэцыяліста ў Расеі Марка Галеоці), урадавых ведамстваў, аналітычных цэнтраў і няўрадавых арганізацый, у тым ліку цэнтру «Дасье», заснаванага Хадаркоўскім.

Два пісьмовыя сьведчаньні ананімізаваныя — гэта той самы былы найміт «Вагнэра», які цяпер жыве на Захадзе, але захоўвае сувязь з таварышамі па службе, і яшчэ адзін сьведка, у якога не раскрываецца ня толькі імя, але і арганізацыя, у якой ён ці яна працуе. Гэтыя паказаньні тычацца дзейнасьці «Вагнэра» ў Лібіі.

  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» пойдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэнуюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэра».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG