Партнэры Ўкраіны абавязаліся выдзеліць краіне 244 мільёны даляраў у дадатак да спэцыяльнага абсталяваньня для гуманітарных патрэб у разьмінаваньні тэрыторыі. Аб гэтым у 25 ліпеня заявіла першая віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Юлія Сьвірыдзенка.
«Наша задача ня толькі разьмінаваць усю тэрыторыю, каб захаваць жыцьці людзей, але і паскорыць гэты працэс», — гаворыцца ў апублікаваным на сайце ўрада заяве Сьвірыдзенкі, якая таксама ўзначальвае Міністэрства эканомікі.
«Гэта пытаньне аднаўленьня эканомікі, таму што чым хутчэй мы вернем у абарот патэнцыйна замінаваныя землі, тым хутчэй на іх будзе разьвівацца бізнэс», — падкрэсьліла Сьвірыдзенка.
Расейскія войскі ў першай палове 2022 году пакінулі цэнтральныя раёны Ўкраіны, пацярпеўшы няўдачу ў спробе захапіць Кіеў, і пакінулі за сабой вялікія ўчасткі замінаванай тэрыторыі.
У пачатку сьнежня ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША падлічылі, што каля 160 тысяч квадратных кілямэтраў украінскай зямлі неабходна праверыць на наяўнасьць выбуховых рэчываў. Гэта тэрыторыя адпавядае па памерах прыкладна палове ўсёй Нямеччыны.
Гуманітарнае разьмінаваньне, паводле зьвестак Арганізацыі Абʼяднаных Нацый, адносіцца да расчысткі «зямлі, для таго, каб цывільныя асобы маглі вярнуцца ў свае дамы і да свайго паўсядзённага жыцьця без пагрозы з боку выбухованебясьпечных прадметаў».
Па словах Свірыдзенка, Украіна атрымае да канца года 10 машын для разьмінаваньня ад харвацкай інжынэрнай фірмы DOK-ING і яшчэ 10 — ад швайцарскай кампаніі Global Clearance Solutions.
Міжнародныя партнэры таксама абавязаліся выдаць сотні мэталашукальнікаў і піратэхнічных прылад, а таксама індывідуальныя камплекты і абсталяваньне для разьмінаваньня.
Сярод пастаўшчыкоў абсталяваньня — Японія, Канада, Карэя, Швайцарыя, Літва, Фонд Говарда Бафэта, Праграма разьвіцьця Арганізацыі Абʼяднаных Нацый і іншыя арганізацыі.
У Кіеве таксама дасягнулі дамоўленасьцяў з DOK-ING і дацкай машынабудаўнічай фірмай HYDREMA аб разьмяшчэньні вытворчасьці ва Ўкраіне.