Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце заявіла, што пасьля разьмяшчэньня вагнэраўцаў у Беларусі краіна адэкватна рыхтуецца да магчымых пагрозаў.
«Падрыхтоўка і нашых устаноў, і нашай арміі адэкватная той сытуацыі, якую мы назіраем цяпер, і заўсёды былі і будуць усемагчымыя заявы, самыя безадказныя — аб выкарыстаньні ядзернай зброі, аб Сувальскім калідоры, аб нечым яшчэ», — сказала Інгрыд Шыманіце ў інтэрвію тэлеканалу LRT 25 ліпеня.
«Проста варта заўважаць гэтыя рэчы на агульным тле, і, відавочна, мы гэта бачым», — дадала яна.
Кіраўніца літоўскага ўраду падкрэсьліла, што за сытуацыяй у Беларусі сочаць выведкі Літвы і яе партнэраў.
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» 24 ліпеня паведаміў, што колькасьць асабовага складу прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі складае 3450–3650 наймітаў.
- ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» пойдзе ў Беларусь.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэнуюць найміты ПВК «Вагнэр».
- Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэра».