Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 25 ліпеня: навукоўцу Адамаву за данаты прысудзілі 3 гады калёніі


Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота
Менскі гарадзкі суд. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Палітзьняволенага навукоўца Юрыя Адамава асудзілі на 3 гады калёніі агульнага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы. Такі вырак агучыла судзьдзя Дзіна Кучук 24 ліпеня 2023 году ў Менскім гарадзкім судзе.

Палітвязьня прызналі вінаватым паводле арт. 361-2 КК («Фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці»). Бок абвінавачаньня падтрымаў пракурор Раман Бізюк.

Пра затрыманьне Юрыя на пачатку сакавіка паведамілі ягоныя калегі. Пазьней стала вядома, што Адамава зьмясьцілі ў СІЗА-1 на Валадарскага. Паводле праўладных СМІ, яго затрымалі за 24 ахвяраваньні фондам BySol і ByHelp на агульную суму 1590 даляраў.

Юры Адамаў вучыўся тэарэтычнай фізыцы ў БДУ, пасьля атрымаў PhD у Ангельшчыне на кірунку «фізыка кандэнсаваных станаў». Ён рабіў Postdoctoral-дасьледаваньне ў Брукгэйвэнскай нацыянальнай лябараторыі (штат Нью-Ёрк, ЗША) аб удасканаленьні лікавага мадэляваньня для моцна карэляваных сыстэмаў. І яшчэ адно Postdoctoral-дасьледаваньне ў тэорыі фізыкі кансэндаваных станаў у Тэхаскім унівэрсытэце A&M (ЗША).

Жыхара Жлобіна асудзілі паводле «народнага» артыкулу на два гады «хіміі»

У судзе Жлобінскага раёну 10 красавіка асудзілі Дзьмітрыя Кіба паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэксу.

Судзьдзя Раман Крыловіч прызначыў Дзьмітрыю 2 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімію»).

Мужчыну абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе ў Жлобіне, а таксама ў выхадзе на праезную частку падчас акцый. Дзьмітры да суду быў пад асабістым паручальніцтвам.

Дзьмітры Кіб мае сярэднюю спэцыяльную адукацыю, працаваў сьлесарам на прыватным прадпрыемстве.

У Жлобіне за «пратэставыя настроі» затрымалі дваіх

Абодва — работнікі чыгункі. Адзін зь іх, Аляксей Барсукоў, працаваў у жлобінскім дэпо. Яго затрымалі ў чэрвені. Мяркуецца, што на Аляксея завялі крымінальную справу за пратэставую актыўнасьць у інтэрнэце. Імя другога затрыманага — Ігар (прозьвішча праваабаронцы высьвятляюць).

У Баранавічах жанчыну асудзілі на 2,5 года «хатняй хіміі» за некалькі рэакцый у «Аднаклясьніках»

Суд Баранавіцкага раёну і горада Баранавіч 25 ліпеня прызначыў мясцовай жыхарцы Людміле Сяліцкай 2 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі» («абмежаваньне волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу) і штраф у памеры 70 базавых велічыняў паводле ч. 1 арт. 368 («абраза Лукашэнкі») і арт. 369 («абраза прадстаўніка ўлады»). Падставай для крымінальнай справы сталі некалькі рэакцый жанчыны «кляс!» на ілюстрацыі ў «Аднаклясьніках». Працэс вяла Аксана Літвінчык.

Суд праходзіў у выязным рэжыме ў гарадзкім аддзеле ўнутраных справаў пры асуджаных на «хатнюю хімію». Працэс быў прадстаўлены як «прафіляктычнае мерапрыемства».

Да суду Людміла знаходзілася на волі. У яе 14-гадовы сын.

Пракурор запрашваў 3 з паловай гады «хатняй хіміі», але судзьдзя прызначыла на год менш. Жанчыне прысудзілі, у тым ліку, штраф у памеры 70 базавых велічыняў (2 590 беларускіх рублёў), таксама ў яе канфіскавалі тэлефон як «сродак зьдзяйсьненьня злачынства».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG