Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскае СМІ апублікавала фільм пра беларускія пратэсты, людзі абурыліся, што там бачныя твары ўдзельнікаў. Пагаварылі з аўтарам стужкі


16 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.
16 жніўня 2020 году. Ілюстрацыйнае фота.

24 ліпеня літоўскі партал DELFI на сваім Youtube-канале выклаў фільм пра беларускія пратэсты 2020 году. Гэта выклікала рэакцыю ў праўладных тэлеграм-каналах і каналах, блізкіх да беларускіх сілавікоў. Там заявілі, што літоўская стужка дапаможа ў пошуках пратэстоўцаў.

Беларусы ў чатах і сацыяльных сетках пачалі абурацца фактам зьяўленьня фільму, бо там бачныя твары шматлікіх удзельнікаў пратэстаў.

Аўтар фільму, беларус Мікалай Мамінаў, пачаў здымаць пратэсты, калі 9 жніўня 2020 году закрыліся ўчасткі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Фільм канчаецца 20 верасьня, адным зь нядзельных пратэстаў. У гэты ж дзень аўтара затрымалі.

Па словах Мікалая, аўтары відэа імкнуліся не паказваць нейкіх новых кадраў.

«Мы праводзілі маніторынг, глядзелі такія ж кадры 9–10 жніўня, яны ёсьць на стоках, на міжнародных плятформах. На гэтых кадрах і я ёсьць, там ёсьць добрыя відэа ў 4к. Ёсьць фільм пра падзеі на „Рызе“ (унівэрсам „Рыга“ — РС) 10 жніўня, усё гэта ёсьць у доступе незаблюранае. Мы з рэдактарамі ішлі па храналёгіі і замазвалі яўных людзей, каго добра бачна. У іх (у сілавікоў. — РС) павінны быць усе гэтыя відэа. Да таго ж мяне затрымлівалі з гэтым тэлефонам, мяне дапытвалі ў КДБ, тэлефон вымалі. Пры першым затрыманьні мяне забралі з кватэры. Відэа, фота, якія там былі яны, хутчэй за ўсё, вынялі, як і ўва ўсіх астатніх», — кажа Мікалай Мамінаў.

Таго, што кадры сілавікі з тэлефона спампавалі дакладна, аўтар відэа ня бачыў на свае вочы. Мікалай пачаў здымаць відэа пра беларускія пратэсты спантанна і не адразу плянаваў зрабіць з гэтага кіно.

«Я па прафэсіі рэжысэр і апэратар, і ідэя здымаць усё, што адбываецца, узьнікла адразу ўвечары, калі былі выбары. Пасьля я ўсё фіксаваў падсьвядома, адразу ідэі фільму ў мяне не было. Гэта была проста хроніка, якую я здымаў з дня ў дзень. Пасьля я вымушаны быў выехаць, ва Ўкраіну, пасьля ў Літву. І ідэя зрабіць такую працу прыйшла ўжо недзе праз год пасьля выбараў. Саму храналёгію фільму ўжо рабіў прафэсійны рэжысэр мантажу. Фільм доўга не выходзіў, бо заняло час прыбраць твары, заблюрыць іх, асабліва 9–10 жніўня», — расказвае аўтар.

Фільм канчаецца акцыяй 20 верасьня 2020 году. Тады Мікалай рабіў рэпартаж для замежнай агенцыі. А ўвечары таго ж дня аўтара, па яго словах, затрымалі.

«Я перасоўваўся на ровары паўсюль, не насіў маску, мяне вылічылі. Па мяне прыйшлі проста дадому, у кватэру. Я трапіў у Савецкі РУУС, пасьля на Акрэсьціна, пасьля далі 15 сутак, якія я адбываў у Жодзіне. Пасьля вызваленьня я прабыў на волі дзён 6, а пасьля ў наступную нядзелю мы з жонкай пайшлі ў краму, ва ўнівэрсам „Рыга“, дзе нас затрымалі другі раз. Жонку ўначы выпусьцілі, а мяне зьбілі, пагражалі расправай. Пасьля мне прысудзілі 20 сутак», — прыгадвае Мікалай.

Пасьля другога вызваленьня да Мікалая дамоў сілавікі спрабавалі трапіць яшчэ раз, і ён вырашыў выехаць ва Ўкраіну. Тады ён зь сям’ёй перабраўся ў Чарнігаў.

Падчас пратэстаў Мікалай супрацоўнічаў зь некаторымі СМІ, здымаў матэрыялы для міжнародных агенцыяў.

За час падрыхтоўкі публікацыі відэа зьнікла з свабоднага доступу. Як патлумачылі Свабодзе, у рэдакцыі DELFI «ўлічылі рэакцыю і ажыятаж і вырашылі абмежаваць доступ з улікам занепакоенасьці людзей». Аднак адзначылі, што «гэтыя ж кадры ёсьць у адкрытым доступе на іншых пляцоўках у добрай якасьці». Цяпер фільм абяцаюць дапрацаваць, каб закрыць больш твараў удзельнікаў пратэстаў.

Неўзабаве пасьля выдаленьня ролік зьявіўся ў доступе на іншым канале, меркавана, зьвязаным зь беларускімі сілавікамі. А таксама на канале праваабарончага цэнтру "Вясна". Праваабаронцы тлумачаць размяшчэньне тым, што хацелі б даць магчымасьць даведацца аб небясьпецы усім, хто мог трапіць на кадры стужкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG