Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі: Крымскі мост — законная мэта, якую трэба «нэўтралізаваць»


Пашкоджаны Крымскі мост, 17 ліпеня 2023
Пашкоджаны Крымскі мост, 17 ліпеня 2023

Прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў Крымскі мост, які злучае Расею з анэксаваным Крымам, ваеннай мэтай Украіны, якую неабходна «нэўтралізаваць».

Камэнтар быў зроблены праз некалькі дзён пасьля выбухаў на Крымскім мосьце, у выніку якіх ён быў пашкоджаны, аднак часткова захаваў прапускную здольнасьць. Афіцыйна Кіеў не сьцьвярджаў, што ўчыніў атаку на мост. Улады Расеі заявілі, што Ўкраіна атакавала яго надводнымі беспілётнікамі. Расейскія вайскоўцы пачалі наносіць масіраваныя ўдары па марскіх партах Украіны, называючы іх «ударамі адплаты».

Выступаючы на Аспэнскім форуме па бясьпецы, Зяленскі адзначыў, што Ўкраіна змагаецца за вяртаньне ўсёй сваёй міжнародна прызнанай тэрыторыі, у тым ліку і Крыму, і ў гэтым аспэкце разглядае і збудаваны пасьля анэксіі паўвострава мост. Як адзначае РБК-Украіна, Зяленскі адзначыў, што Крымскі мост — гэта не проста «маленькая лягістычная дарога», а аб’ект, які выкарыстоўваецца расейскімі вайскоўцамі для ўмацаваньня сваіх пазыцыяў у Крыме.

«Для нас гэта варожы абʼект, пабудаваны па-за законам, па-за міжнародным правам. Таму гэта нашая мэта, і любая мэта, якая нясе вайну, а не мір, павінна быць нэўтралізаваная», — сказаў прэзыдэнт Украіны. Ён таксама пракамэнтаваў хаду ўкраінскага наступу, адзначыўшы, што ён разьвіваецца больш павольна, чым чакалася, паколькі ўкраінскія вайскоўцы імкнуцца пазьбегнуць вялікіх страт.

У ноч на 17 ліпеня на Крымскім мосьце прагучала сэрыя выбухаў, у выніку якіх ён быў часткова пашкоджаны. Загінулі два чалавекі. Рух па мосьце зараз вядзецца толькі па адной паласе ў рэвэрсіўным рэжыме. Чыгуначная частка маста, аднак, не пацярпела. У кастрычніку 2022 году на мосьце быў яшчэ адзін выбух, тады мост пацярпеў мацней, аднак быў адрамантаваны.

Расейскія ўлады абвінавачваюць у выбухах Украіну і характарызуюць іх як «тэракты». У Кіеве прама не пацьвярджалі, што гэтыя выбухі былі арганізаваныя Ўкраінай, але не раз падкрэсьлівалі, што лічаць мост законнай ваеннай мэтай, якая можа падвяргацца ўдарам.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG