Пад санкцыямі ЗША з гэтага часу знаходзяцца экс-міністар фінансаў і кіраўнік Падліковай палаты Аляксей Кудрын, генэральны дырэктар канцэрна «Калашнікаў» Уладзімір Лепін, першы намесьнік кіраўніка Міністэрства энэргетыкі Расеі Павел Сарокін, першы намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця Ільля Таросаў і шэраг іншых чыноўнікаў з фэдэральных ведамстваў у рангу першых намесьнікаў і намесьнікаў міністраў.
Сярод расейскіх юрыдычных асобаў пад санкцыі ЗША трапілі АТ «Курганпрыбор», Клімаўскі патронны завод, Тамбоўскі і Казанскі парахавыя заводы, цэнтар лазэрных сыстэм і комплексаў «Астрафізыка», завод «Арсэнал», «Нафтагазаўтаматыка», пастаўшчык і вытворца нафтагазавага абсталяваньня «ПКФ-ГазНафтаМаш», банкі «Тинькофф-банк», «Солидарность», «Локо-банк», банк «Юнистрим», які зьяўляецца апэратарам і разьліковым цэнтрам аднайменнай плацёжнай сыстэмы, кампанія «КосмасАвія», якая займаецца пастаўкай запчастак для цывільнай авіяцыі, і яшчэ каля 90 прадпрыемстваў і арганізацый ваенна-прамысловага комплексу.
У той жа час, ЗША выключылі з санкцыйнага сьпісу былога чальца рады дырэктараў банку «ФК Адкрыцьцё» Андрэя Голікава і экс-чальца назіральнай рады гэтай фінансавай арганізацыі Алену Цітову. Іх выдалілі з санкцыйнага рэестру ў сувязі з сыходам з пасадаў у «ФК Адкрыцьцё».
У паведамленьні амэрыканскага Міністэрства фінансаў падкрэсьліваецца, што новыя меры «закліканыя перакрыць Маскве доступ да тавараў, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны, а таксама скараціць даходы Расеі ад мэталюргічнага і горназдабыўнога сэктараў, падарваць яе будучыя энэргетычныя магчымасьці і пагоршыць доступ Расеі да міжнароднай фінансавай сыстэмы».
Таксама амэрыканская Ўправа кантролю за замежнымі актывамі (OFAC) паказвае, што санкцыі пакліканыя пазбавіць Расею тэхналёгій, якія вырабляюцца краінамі «Групы сямі» і неабходных, у прыватнасьці, для яе аэракасьмічнага і абароннага сэктараў.
Абмежаваньні закранулі і чатыры арганізацыі ў Кіргізстане, якія, на думку Вашынгтону, дазвалялі абароннаму сэктару Расеі атрымліваць замежную прадукцыю падвойнага прызначэньня — электронныя кампанэнты, сродкі аўтаматызацыі, паўправаднікі, кампутарныя праграмы.
У сьпіс санкцыяў ад Канады ўнесьлі кіраўнікоў расейскіх Міністэрства адукацыі і навукі і Мінкультуры Валерыя Фалькова і Вольгу Любімаву, сьпевакоў Цімаці, Валерыю, Юлію Чычэрыну, Аляксандра Скляра і актора Дзьмітрыя Харацьяна. Пад санкцыі Канады таксама патрапілі банк «Тинькофф», плацежная сыстэма «Мір», апэратары сувязі «Мегафон», МТС, «Теле2» і «Билайн».
У санкцыйны рэестар Эўразьвязу ўнесены кіраўнік Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў Аркадзь Госьцеў, начальнік папраўчай калёніі № 6 ва Ўладзімірскай вобласьці (у ёй адбывае пакараньне Аляксей Навальны — рэд.) Дзьмітрый Ножкін і трое ягоных намесьнікаў, а таксама ГУ МУС Масквы і дэпартамэнт інфармацыйных тэхналёгіяў Масквы. Таксама Эўразьвяз увёў санкцыі супраць кіраўніка Дэпартамэнту інфармацыйных тэхналёгіяў Масквы Эдуарда Лысенкі і намесьніка мэра Масквы Натальлі Сергунінай.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.