Гэта адбылося на фоне заяў расейскага Мінабароны пра тое, што з 20 ліпеня ўсе судны, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў ваеннага прызначэньня, паведамляе Bloomberg.
17 ліпеня Масква адмовілася працягваць збожжавую ўгоду, заключаную год таму паміж Расеяй, Украінай, Турэччынай і ААН, у рамках якой быў створаны бясьпечны марскі калідор для выхаду суднаў з экспартным збожжам і іншымі сельскагаспадарчымі прадуктамі з партоў Украіны.
Крэмль растлумачыў выхад з пагадненьня тым, што ня выканалі патрабаваньняў расейскага боку аб вывазе расейскага харчу і ўгнаеньняў. МЗС Расеі заявіў аб адкліканьні гарантый бясьпекі суднаходзтва.
Па дадзеных Рады нацбясьпекі ЗША, Расея рыхтуецца атакаваць сухагрузы ў Чорным моры і ўжо ўсталявала дадатковыя марскія міны на падыходах да ўкраінскіх партоў.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Кіеў працягне выконваць дамоўленасьці з Турэччынай і ААН у збожжавай угодзе. Украіна вырашыла стварыць часовы марскі маршрут для транспартаваньня збожжа пасьля выхаду Расеі са збожжавай угоды. Аб гэтым першы намесьнік міністра разьвіцьця інфраструктуры Ўкраіны Васіль Шкуракоў паведаміў у лісьце ААН. З дакумэнта вынікае, што суднаходныя маршруты плянуюць адкрыць паблізу акваторый трох партоў, якія ўваходзяць у калідор, які вядзе да тэрытарыяльных водаў Румыніі.
Пры гэтым, па дадзеных крыніц Bloomberg, Турэччына, пэўна, ня будзе рызыкаваць сваімі вайсковымі караблямі, каб дапамагчы ўкраінскім суднам вывозіць прадукты харчаваньня з партоў Адэсы. Але Анкара паспрабуе засяродзіцца на перазапуску адносін з Масквой.