ЗША вылучаюць Украіне новы пакет вайсковай дапамогі на 1,3 мільярда даляраў, паведамляецца на сайце Пэнтагону. Гэты пакет дапамогі прадстаўлены ў рамках Ініцыятывы садзейнічаньня бясьпецы Ўкраіны (USAI).
У новы пакет уключаны:
- чатыры зэнітна-ракетныя комплексы NASAMS і боепрыпасы да іх;
- 152-мм артылерыйскія снарады;
- абсталяваньне для разьмінаваньня;
- ракеты з аптычным навядзеньнем (TOW);
- бесьпілётныя лятальныя апараты Phoenix Ghost і Switchblade;
- авіяцыйныя боепрыпасы;
- сродкі процідзеяньня дронам;
- 150 бэнзавозаў;
- 115 машын для буксаваньня і транспартаваньня абсталяваньня;
- 50 аўтамабіляў для рамонту абсталяваньня;
- абсталяваньне для гарантаваньня бясьпекі партоў і гаваняў;
- сродкі забесьпячэньня тактычнай абароненай сувязі.
«Злучаныя Штаты працягнуць працаваць са сваімі саюзьнікамі і партнэрамі, каб даць Украіне магчымасьці для задавальненьня яе неадкладных патрэбаў на полі бою і доўгатэрміновых патрэбаў у дапамозе ў галіне бясьпекі», — гаворыцца ў паведамленьні вайсковага ведамства.
Міністэрства абароны ЗША раней афіцыйна заявіла аб перадачы Украіне касэтных боепрыпасаў у рамках чарговага пакета вайсковай дапамогі на суму 800 мільёнаў даляраў. У гэты пакет таксама ўвайшлі 32 БМП Bradley і столькі ж бронетранспартэраў Stryker, дадатковыя боепрыпасы для ЗРК Patriot і HIMARS.
Намесьнік кіраўніка Пэнтагону ў палітычных пытаньнях Колін Каль сказаў, што Ўкраіна будзе даваць справаздачу перад ЗША аб выкарыстаньні касэтных боепрыпасаў, якія яна абавязалася выкарыстоўваць на сваёй тэрыторыі, мінімізуючы рызыкі для мірнага насельніцтва.