Сьпікер Галоўнай управы выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў у этэры «Белсату» паведаміў, што баевікоў ПВК «Вагнэра» абяззбройваюць, перад тым як тыя выпраўляюцца ў Беларусь.
На ягоную думку, найміты будуць трэнаваць «армію Лукашэнкі» і дражніць суседнія краіны.
Паводле інфармацыі на 19 ліпеня, у Беларусь заехалі шэсьць калёнаў ПВК «Вагнэр». Яны рухаліся праз Крычаў, Рагачоў, Бабруйск і Асіповічы ў бок вёскі Цэль, дзе пабудавалі намётавы лягер.
Прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Мінабароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што баевікі едуць у Беларусь бяз зброі:
«Яны выходзяць з акупаваных украінскіх тэрыторыяў абяззброенымі. Там транспартныя сродкі, сродкі для ўладкаваньня знаходжаньня. Цяжкога ўзбраеньня яны ня маюць».
Ён ня выключыў, што найміты будуць навучаць беларускую армію.
«Што за гэтым стаіць, мы найбліжэйшым часам пабачым. Ня выключана, што яны будуць задзейнічаныя ў інструктажах і рыхтаваньні войска Лукашэнкі, а таксама для раздражненьня краінаў — суседзяў з ЭЗ, чальцоў NATO і, безумоўна, Украіны. Але і для Беларусі гэта будзе дадатковым дэстабілізацыйным чыньнікам», — мяркуе сьпікер Галоўнай управы выведкі Ўкраіны.
Андрэй Юсаў сказаў, што проста цяпер прысутнасьць баевікоў у Беларусі не пагражае Лукашэнку, аднак гэта не азначае, што пагрозы ня ўзьнікнуць пазьней.
«Калі гаварыць пра выступ супраць Лукашэнкі, то гэтая пагроза заўсёды будзе лунаць у паветры. Імаверна, ён выкарыстае іх для ўзмацненьня свайго рэжыму. Аднак мы не атаясамліваем Лукашэнку і беларускае грамадзтва. Калі гаварыць пра беларускае грамадзтва, то пэўная колькасьць наймітаў, баевікоў з баявым досьведам, досьведам тэрарыстычнай дзейнасьці — дакладна не пазытыўны чыньнік спакою і стабільнасьці», — адзначыў прадстаўнік выведкі.
Паводле яго, у Кіеве ня бачаць пагрозы наступу вагнэраўцаў з тэрыторыі Беларусі, аднак сытуацыя стала адсочваецца.