Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісту Паўлу Мажэйку і адвакатцы Юліі Юргілевіч прысудзілі па 6 гадоў зьняволеньня


Адвакатка Юлія Юргілевіч і горадзенскі журналіст Павал Мажэйка, каляж
Адвакатка Юлія Юргілевіч і горадзенскі журналіст Павал Мажэйка, каляж

Палітвязьняў абвінавацілі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

Разгляд справы палітвязьняў горадзенскага журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч праходзіў з 10 ліпеня ў Горадзенскім абласным судзе у адкрытым рэжыме. Працэс вёў судзьдзя Максім Філатаў.

Па выніках разгляду справы Юліі Юргілевіч прысудзілі 6 гадоў зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, Паўлу Мажэйку — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе БелТА.

У справе разглядалі два эпізоды: 23 лютага і 30 сакавіка 2022 году.

Сьледзтва сьцьвярджала, што ў гэтыя дні Юлія Юргілевіч нібыта расказала ў тэлефоннай размове Паўлу Мажэйку пра сваё звальненьне з адвакатуры і пра вырак Алесю Пушкіну.

Пракурор спрабавала даказаць, што Павал разьмясьціў гэтую інфармацыю на старонцы «Белсату» — у нявызначаны час, нявызначным спосабам, празь нявызначаных асоб.

Павал і Юлія цалкам адмовілі віну. Юргілевіч заявіла, што яе трымаюць у «скоцкіх умовах» і ёй не далі азнаёміцца са справай. На першым паседжаньні Юлія зьявілася ў робе з надпісам «Карцар №2», заўважылі праваабаронцы.

Падчас расьсьледаваньня фігуранты адмовіліся даваць паказаньні, у судзе Мажэйка адказваў на пытаньні выбарачна. Бацька журналіста Іван Мажэйка адмовіўся сьведчыць супраць свайго сына. На допыт у якасьці сьведкі выклікалі актора Васіля Калача, але ён не зьявіўся ў суд.

Паўла і Юлію прыводзілі на працэс у кайданках, але іх здымалі на час паседжаньня.

Суд над журналістам і грамадзкім дзеячом Паўлам Мажэйкам і адвакаткай Юліяй Юргілевіч пачаўся 10 ліпеня ў 14:15 у Горадзенскім абласным судзе.

  • Паўла Мажэйку затрымалі летась у канцы жніўня па вяртаньні ў Беларусь. У сакавіку стала вядома, што журналіста абвінавачваюць у «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
  • Юлія Юргілевіч працавала адвакатам амаль 18 гадоў. Яна абараняла ў судзе палітвязьняў Алеся Пушкіна, Арцёма Баярскага, Ігара Банцэра, Андрэя Аўсіевіча, Андрэя Сакалоўскага. 23 лютага 2022 году яе выключылі са складу Горадзенскай абласной калегіі адвакатаў за «сыстэматычныя парушэньні заканадаўства». Пад вартай яе трымаюць ужо больш за 10 месяцаў.
  • Пра сьмерць пры невысветленых абставінах палітзьняволенага мастака Алеся Пушкіна стала вядома 11 ліпеня. Ён адбываў пакараньне ў горадзенскай турме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG