Народнае апалчэньне будзе матэрыяльна забясьпечвацца за кошт «сродкаў мясцовых бюджэтаў, а таксама добраахвотных ахвяраваньняў юрыдычных і фізычных асоб і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам», паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны, камэнтуючы падпісаны 17 ліпеня Аляксандрам Лукашэнкам закон.
Вайсковае ведамства растлумачыла, што, згодна з законам «Аб народным апалчэньні», атрады будуць камплектавацца «добраахвотнікамі зь ліку невайсковаабавязаных або грамадзян, не прызваных на вайсковую службу па мабілізацыі».
Гэтыя людзі «павінны быць здольныя па сваіх асабістых якасьцях і стане здароўя выконваць задачы, прадугледжаныя законам», гаворыцца ў паведамленьні.
Колькасьць атрадаў народнага апалчэньня вызначаецца рашэньнямі мясцовымі органамі ўлады «з улікам наяўнасьці добраахвотнікаў і задач, якія вырашаюцца».
Залічэньне грамадзяніна добраахвотнікам у народнае апалчэньне «не зьяўляецца падставай для вызваленьня ад прызыву на вайсковую службу па мабілізацыі і спыненьні працоўных адносін». Разам з тым, зазначае Мінабароны, на час знаходжаньня ў складзе апалчэньня «наймальнік абавязаны вызваляць работніка ад працы» з захаваньнем «месца працы і сярэдняга заробку».
Згодна з законам, атрады апалчэнцаў «дыслякуюцца ў межах адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, у якой былі сфармаваны, а разьмяшчаюцца добраахвотнікі па месцы жыхарства». Мінабароны забясьпечыць іх «зброяй і боепрыпасамі да яе па намэнклатурах Узброеных сіл».
Тэкст дакумэнта быў апублікаваны ў траўні 2023-га. У адпаведнасьці зь ім «апалчэнцы» надзелены правам прымяняць фізычную сілу і зброю.
Асноўная задача апалчэньня заключаецца ў аказаньні садзейнічаньня тэрытарыяльным органам унутраных спраў пры забесьпячэньні ваеннага становішча, абароне ўласнасьці «ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў».
3 чэрвеня 2022 году Лукашэнка заявіў, што з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» прыняў рашэньне «на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець народнае апалчэньне». У выпадку ваенных дзеяньняў, атрады апалчэньня «могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвам для тэрытарыяльнай абароны».