Як даведаліся праваабаронцы «Вясны», у судзе Барысаўскага раёну 23 чэрвеня разглядалі крымінальную справу электраманцёра Міхаіла Анціпава, якога абвінавацілі ў зьнявазе дзяржаўнай сымболікі (арт. 370 КК). У справе ёсьць незвычайная акалічнасьць — у міліцыю пра пашкоджаньне сьцягоў паведаміла ягоная маці, а сам ён мае ўкраінскае грамадзянства.
Справу разглядала судзьдзя Тацяна Шыман.
Паводле сьледзтва, уначы 20 сакавіка 20-гадовы хлопец сарваў чатыры дзяржаўныя сьцягі ў аграгарадку Лошніца, пашкодзіў палотнішчы сьцягоў і разламаў дрэўкі. Свае дзеяньні Анціпаў здымаў на тэлефон, а фота выклаў на старонку ў сацсетцы.
Хлопца затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Высьветлілася, што ён грамадзянін Украіны, які мае від на жыхарства ў Беларусі. Ён прыехаў у Беларусь каля 10 гадоў таму, атрымаў бясплатную адукацыю і па разьмеркаваньні працуе на адным з прадпрыемстваў Менскай вобласьці.
Сьведкай у судзе выступіла маці абвінавачанага. Падазраючы, што сын сарваў сьцягі, запатрабавала ад таго зьвярнуцца ў міліцыю і сама паведаміла пра тое, што адбылося, участковаму інспэктару.
Суд пастанавіў прызначыць яму пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў у калёніі агульнага рэжыму.