Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мандат спэцдакладчыка ААН аб Беларусі падоўжылі яшчэ на год


Спэцыяльны дакладчык ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн (зьлева) і жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.
Спэцыяльны дакладчык ААН аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн (зьлева) і жонка Алеся Бяляцкага Натальля Пінчук.

13 ліпеня на 53-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН адбыўся разгляд і галасаваньне па рэзалюцыі ў справе сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта інфармуе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Рэзалюцыя прадугледжвае падаўжэньне мандату спэцыяльнага дакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн на адзін год. Рэзалюцыя заклікае ўлады ўзаемадзейнічаць са спэцдакладчыкам і вярнуцца да дыялёгу, а таксама даць яму магчымасьць наведваць Беларусь і весьці камунікацыю з зацікаўленымі асобамі ва ўрадзе і ў грамадзянскай супольнасьці.

Падчас галасаваньня 20 краін-удзельніц выступілі за, 6 краін прагаласавалі супраць, 21 краіна ўстрымалася.

5 ліпеня 2023 году ў сваёй штогадовай справаздачы Анаіс Марэн паведаміла, што больш за 1500 чалавек знаходзяцца пад вартай па палітычна матываваных абвінавачаньнях, пры гэтым з 2020 году ў сярэднім штодня адвольна арыштоўваюць каля 17 чалавек.

Яна заявіла, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі наўмысна ачышчае грамадзянскую супольнасьць ад апошніх галасоў нязгодных:

«Сытуацыя застаецца катастрафічнай. На жаль, яна працягвае пагаршацца», — цытавала яе AFP.

Анаіс Марэн адзначыла, што ўрад Беларусі ўнёс папраўкі ў і без таго абмежавальнае заканадаўства, накіраванае на зьнішчэньне грамадзянскіх свабод, што прывяло да ўсплёску палітычна матываваных перасьледаў і вынясеньня прысудаў.

«Адсутнасьць адказнасьці за парушэньні правоў чалавека спрыяе стварэньню атмасфэры страху сярод ахвяр і іх сем’яў», — гаварылася ў яе дакладзе.

  • Прадстаўніца Францыі Анаіс Марэн — навуковая супрацоўніца Варшаўскага ўнівэрсытэту ў Польшчы. Пасаду спэцыяльнага дакладчыка аб Беларусі яна займае з 1 лістапада 2018 году. Яна замяніла прадстаўніка Вугоршчыны Міклаша Харашці, які займаў гэтую пасаду ў 2012–2018 гадах.
  • Улады Беларусі не прызнаюць мандату Анаіс Марэн і зь лістапада 2018 году не пускаюць яе ў Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG