Як расказаў Свабодзе доктар прыродазнаўчых навук, сябар Алеся Пушкіна Янак Коўзель, прычына сьмерці Алеся Пушкіна пакуль невядомая. Ні вусна, ні пісьмова адказныя ўстановы (горадзенская турма і шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні) не паведамілі гэтай інфармацыі блізкім.
Патолягаанатамічнае дасьледаваньне цела Пушкіна меліся рабіць 12 ліпеня апоўдні, але правялі яго раней — у ноч на 12 ліпеня. Чаму так зрабілі, невядома. У пратаколе ўскрыцьця напісана, што прычына сьмерці невядомая, расказаў Свабодзе Коўзель.
Суразмоўца пацьвердзіў, што Алесь Пушкін паступіў у шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні ў непрытомным стане ў ноч з 10 на 11 ліпеня. У ягонай мэдычнай картцы не было ніякіх кантактаў родных, таму мэдыкі не адразу здолелі зьвязацца са сваякамі.
«Яму рабілі тэрміновую апэрацыю, але вядома, што шанцаў было няшмат. Яна амаль нічога не вырашала. Падчас апэрацыі ў яго спынялася сэрца. Яго рэанімавалі (і сэрца запрацавала. — РС). Потым сэрца зноў спынілася, і ўратаваць яго не змаглі», — расказаў Свабодзе Янак Коўзель.
Паводле ягонай інфармацыі, Алесь Пушкін памёр прыкладна апоўдні 11 ліпеня.
У апошнім лісьце, дасланым нядаўна на волю, палітвязень напісаў, што страціў 22 кіляграмы. Раней важыў 102, а стаў важыць 80. Мастак паведаміў, што яго перавялі ў іншую камэру. Да таго ж ён расказаў, што застудзіў паясьніцу, і прасіў даслаць яму ваўняны пояс.
Перад зьняволеньнем Алесь Пушкін быў здаровы, ня меў ніякіх захворваньняў, удакладніў суразмоўца Свабоды. Ён перакананы, што на волі ў Пушкіна не было язвы, пра якую пісала выданьне MOST. Паводле выданьня, Алесь Пушкін паступіў у горадзенскі шпіталь з запаленьнем брушной поласьці і сэпсісам, выкліканымі прабадной язвай.
Цела маюць прывезьці ў родную вёску Бобр 12 ліпеня каля 21:00. Разьвітацца з мастаком можна будзе з 10:00 13 ліпеня ў яго дома ў Бабры па адрасе вуліца Горная, 4, напісала жонка мастака Яніна Пушкіна.
Паніхіда ў бобрскай царкве пачнецца ў 12:30. Пушкін быў праваслаўны. Пахаваньне на могілках у Бабры пачнецца ў 13:30. Пушкін хацеў, каб яго пахавалі побач з продкамі ў Бабры.