Акрамя вытворчасьці і рамонту танкаў, новае прадпрыемства, па словах Папэргера, зоймецца выпускам нямецкіх бронетранспартэраў Fuchs. На ўкраінскім заводзе Rheinmetall, як удакладнялі раней у канцэрне, змогуць вырабляць 400 танкаў у год.
На базе гэтага прадпрыемства нямецкія спэцыялісты таксама будуць навучаць украінцаў абслугоўваньню вырабленай на заводзе тэхнікі.
«Украінцы павінны дапамагчы сабе — калі ім заўсёды давядзецца чакаць, пакуль эўрапейцы або амэрыканцы дапамогуць ім на працягу наступных 10 або 20 гадоў... гэта немагчыма», — сказаў Папэргер.
Па словах кіраўніка Rheinmetall, часткова завод будзе знаходзіцца ва ўласнасьці ўкраінскага дзяржаўнага канцэрну «Укроборонпром». (У чэрвені 2023 году гэты канцэрн быў рэарганізаваны ў акцыянэрнае таварыства «Українська оборонна промисловість». — РС) Ён таксама адзначыў, што атрыманьне Ўкраінай большай колькасьці боепрыпасаў — прыярытэт важнейшы, чым вытворчасьць большай колькасьці танкаў.
Таму, дадаў Папэргер, Rheinmetall таксама павялічыць штогадовую вытворчасьць артылерыйскіх снарадаў са 100 тысяч да 600 тысяч у 2024 годзе, і большая іх частка будзе прызначаная для Ўкраіны. «Тэарэтычна Rheinmetall можа забясьпечыць 60% неабходных Украіне артылерыйскіх боепрыпасаў», — падкрэсьліў гендырэктар Rheinmetall.
Пра пляны збудаваць танкавы завод ва Ўкраіне кіраўнік нямецкага канцэрну паведаміў яшчэ ў сакавіку сёлета.
Паводле сакавіцкай заявы пабудова заводу будзе каштаваць прыкладна 200 млн эўра.
Тады Армін Папэргер казаў, што з дапамогай украінскіх сыстэм супрацьпаветранай абароны «нескладана» абараніць завод ад расейскіх атак.