Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70% месьцічаў раззлаваныя на Лукашэнку за напад на Ўкраіну зь Беларусі, — жыхар Асіповічаў у рэпартажы The New York Times


Вайскова-палявы лягер на тэрыторыі былой вайсковай часткі ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.
Вайскова-палявы лягер на тэрыторыі былой вайсковай часткі ля вёскі Цэль у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласьці.

«Праз два тыдні пасьля мяцяжу групоўкі наймітаў „Вагнэра“ супраць расейскага ваеннага кіраўніцтва яе лёс як ніколі цьмяны — як і мэта нядаўна адноўленай вайсковай базы ў Беларусі», — піша міжнародная карэспандэнтка амэрыканскага выданьня The New York Times Валеры Хопкінс.

Журналістка была на прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі ў Менску і пазьней у складзе групы заходніх журналістаў наведала ваенную базу ля Асіповічаў, а таксама пагутарыла зь некалькімі мясцовымі жыхарамі.

Журналістка апісвае ў сваім артыкуле ў The New York Times «гатовыя да выкарыстаньня сотні нядаўна усталяваных намётаў, у якіх знаходзяцца двух’ярусныя ложкі, вырабленыя з духмянай хвоі».

Валеры Хопкінс адзначае, што 300 намётаў, усталяваныя апошнімі днямі на тэрыторыі занядбанай савецкай вайсковай частцы і здольныя прыняць 5000 салдат, не прыцягнулі б шмат увагі, калі не зьявіліся адразу пасьля таго, як расейская ваенізаваная групоўка «Вагнэра» зладзіла мяцеж супраць вайсковага кіраўніцтва Крамля, а таксама пасьля таго, як аўтарытарны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што на закінутай ваеннай базе ў яго краіне могуць разьмяшчацца байцы «Вагнэра».

7 ліпеня беларускія афіцыйныя асобы правялі замежным журналістам экскурсію па нежылым лягеры, каб пераканаць іх, што ні там, ні дзе-небудзь паблізу не было байцоў «Вагнэра». Паводле амэрыканскай журналісткі, гэтая вельмі незвычайная дэманстрацыя адкрытасьці, толькі дадала шматлікіх пытаньняў без адказу аб мяцяжы і яго наступствах.

Яна цытуе генэрал-маёра, памочніка міністра абароны Беларусі па ідэалёгіі, Леаніда Касінскага, які паказваў заходнім журналістам базу і казаў, што «нам няма чаго хаваць... Ніхто з Вагнэра сюды не прыяжджаў».

Хопкінс дадае кантэксту, згадаўшы заяву Лукашэнкі на мінулым тыдні пра тое, што «Вагнэр» можа выкарыстоўваць старую беларускую вайсковую базу. Паводле Валеры, «нягледзячы на здагадкі, выкліканыя новымі намётамі, было незразумела, ці ён меў на ўвазе менавіта гэтую базу, у вёсцы Цэль».

Карэспандэнтка The New York Times была на сустрэчы Лукашэнкі з заходнімі журналістамі, якую яна называе «рэдкай». Яны зноў цытуе Лукашэнку, які сказаў на гэтай сустрэчы, што спадар Прыгожын знаходзіцца ў Расеі. Хопкінс спасылаецца і на афіцыйнага прадстаўніка Пэнтагона, які пажадаў застацца ананімным, паводле якога Прыгожын, як мяркуецца, знаходзіцца ў Маскве, без відавочных абмежаваньняў на яго перамяшчэньне.

Журналістка зьвяртае ўвагу, што генэрал Касінскі асьцярожна выказваўся аб прызначэньні лягера — што ён будзе выкарыстоўвацца для вайсковых вучэньняў у верасьні, і настойваў на тым, што намёты і ложкі былі ўзьведзены так хутка ў рамках вучэньняў па хуткаму будаўніцтву палявога лягера.

Паводле Хопкінс, ён таксама сказаў прыежджым журналістам, амаль нібы падміргнуўшы, што базу «можна рэкамэндаваць як адно з месцаў», дзе могуць разьмяшчацца салдаты «Вагнэра».

Міжнародная карэспандэнтка канстатуе, што «спадару Лукашэнку відавочна падабаецца, калі яго лічаць важнай міжнароднай фігурай, якая займаецца дыпляматыяй і сілавой палітыкай». Таксама адзначае, што было незразумела, чаму яго ўрад, які варожа ставіцца да СМІ, якія ён не кантралюе, будзе запрашаць замежных журналістаў на экскурсію ў месца, якое звычайна забаронена для іх. Таксама не было зразумела, чаму праз некалькі дзён пасьля папярэдняга прыёму байцоў «Вагнэра» Беларусь захацела публічна прадэманстраваць іх адсутнасьць, піша яна.

«У горадзе Асіповічы, побач з толькі што адноўленай вайсковай базай, многія мясцовыя жыхары выказвалі заклапочанасьць магчымым прыбыцьцём вагнэраўцаў», піша Валеры Хопкінс.

«Яны наёмныя забойцы», — цытуе яна 69-гадовага Міхаіла, які працуе на мясцовым заводзе. «Чаму я буду радавацца, што яны тут? Абараняць сваю краіну — гэта адно, а нападаць на іншую краіну — гэта варта асуджэньня», сказаў ён журналістцы.

Журналістка зьвяртае ўвагу на тое, што Міхаіл не назваў сваё прозьвішча з прычыны магчымай помсты рэпрэсіўных уладаў Беларусі, якія «пасьля шэрагу дэмакратычных пратэстаў у 2020 годзе расправіліся зь любымі праявамі іншадумства».

Мясцовы жахар сказаў амэрыканскай журналістцы, што ведае людзей, якіх дагэтуль звальняюць з працы за тое, што яны «у 2020 годзе падпісваліся ў падтрымку кандыдатаў, акрамя Лукашэнкі».

Хопкінс піша, што ў ваколіцах Асіповічаў разьмешчаны шэраг вайсковых базаў, у тым ліку тая, якая, як мяркуецца, выкарыстоўвалася як палігон для трэніровак расейскіх салдат. Яшчэ адзін мясцовы жыхар, Уладзімір, сказаў Хопкінс, што часта бачыў расейскіх вайскоўцаў, якія там трэніраваліся або ехалі праз горад па дарозе на месцы баёў ва Ўкраіне.

Ён прыкінуў, што каля 70% месьцічаў былі раззлаваныя на Лукашэнку за напад на Ўкраіну зь Беларусі. Паводле яго слоў, спачатку ён спрабаваў запрасіць сустрэтых расейскіх салдат да сябе і растлумачыць ім, што вайна бессэнсоўная, але потым кінуў гэтую справу.

«Яны ўсе з прамытымі мазгамі, яны сапраўды вераць, што ваююць з нацыстамі», — цытуе журналістка мясцовага жыхара.

База ў Цэлі, што ў 125 мілях ад мяжы з Украінай, раней выкарыстоўвалася беларускай 465-й ракетнай брыгадай, якая перадысьлякавалася ў 2018 годзе, піша журналістка. Яна дадае, што падчас гэтай экскурсіі заходнім журналістам не дазволілі паразмаўляць зь невялікай групай прысутных салдат, якія, паводле генэрала Касінскага, адказвалі за назіраньне за намётамі.

Пры канцы артыкулу Хопкінс цытуе генэрала Касінскага, які заяўляе, што ў Беларусі няма прычын баяцца разьмяшчэньня на сваёй тэрыторыі байцоў «Вагнэра» і кажа, што «пакуль мы не бачым прычын для небясьпекі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG