Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаляк: У Беларусі будзе максымум тысяча вагнэраўцаў у якасьці інструктараў для спэцназа


Міхаіл Падаляк. Архіўнае фота.
Міхаіл Падаляк. Архіўнае фота.

«Невялікая частка» наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр» прыбудзе ў Беларусь — у якасьці інструктараў для спэцназа, такое меркаваньне выказаў дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк у апублікаваным 8 ліпеня інтэрвію выданьню «Медуза».

«Прыгожын не пайшоў у Беларусь у поўным аб’ёме, — сказаў ён. — ПВК „Вагнер“ у традыцыйным выглядзе спыніць сваё існаваньне. Яна пазбаўляецца галоўнага заказчыка і асноўнай крыніцы фінансаваньня — расейскай дзяржавы. Дзяржава давала ім зброю, забясьпечвала лягістыку, дыпляматычнае прыкрыцьцё — гэтага больш не будзе».

Паводле інфармацыі Падаляка, набор у шэрагі «Вагнера» будзе «цалкам спынены», частка вагнэраўцаў «ужо пераходзіць на працу» у Мінабароны РФ, яшчэ частка, лічыць ён, можа перайсьці ў Росгвардию «для падаўленьня ўнутраных пратэстаў».

«Невялікая частка пяройдзе ў Беларусь у якасьці інструктараў для беларускіх спэцназаўцаў. Гэта 500–800, максымум 1.000 чалавек, якія змогуць браць удзел у тых ці іншых апэрацыях Беларусі. Але Беларусь ня можа быць заказчыкам, гэта бедная дзяржава, а ПВК „Вагнэр“ не працуе бясплатна. Ды і ніякіх зьнешнепалітычных фундамэнтальных задач у гэтай краіны няма, таму ПВК „Вагнэр“ яны ня могуць выкарыстаць», — заявіў дарадца кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны.

Падаляк мяркуе, што Прыгожыну «наўрад ці ёсьць сэнс заходзіць назад у вайну супраць Украіны».

«Каб што? Атрымаць узнагароду ад Пуціна? Гэта сьмешна. Яны ўзаемна адзін аднаго прынізілі. Ды і дамаўляцца ім пра нешта бессэнсоўна — Пуцін будзе яго шчыра баяцца. Таму я не бачу ніякай рызыкі для Украіны з боку Беларусі», — патлумачыў ён.

Раней прадстаўнікі польскіх і літоўскіх уладаў выказвалі меркаваньне, што ў Беларусь могуць прыбыць 6–8 тыс. вагнэраўцаў.

  • 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын фактычна ініцыяваў працэс ваеннага перавароту ў Расеі. У выніку дамоўленасьцяў, у тым ліку з Аляксандрам Лукашэнкам, на наступны дзень ён спыніў свой марш на Маскву. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін дазволіў кіраўніку «Вагнэра» зьехаць у Беларусь. 27 чэрвеня Лукашэнка пацьвердзіў прыбыцьцё Прыгожына. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, з таго часу кіраўнік узброенай групоўкі некалькі разоў пакідаў Беларусь.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вярбоўку ў свае шэрагі. Гэта было патлумачана часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь». Іншыя падрабязнасьці не прыводзіліся.
  • Пазьней зьявілася інфармацыя, што для вагнэраўцаў узьведзены лягер пад Асіповічамі (Магілёўская вобласьць).
  • 7 ліпеня гэтае месца наведалі замежныя журналісты. Памочнік міністра абароны па ідэалягічнай працы ва Узброеных сілах Леанід Касінскі заявіў ім, што «апэратыўныя групы» ПВК «Вагнэр» пакуль «не прыяжджалі, не вызначаліся, не глядзелі» намётавы гарадок.
  • «Я думаю, што калі будзе прынятае канчатковае рашэньне групай „Вагнэр“ разьмяшчацца або не разьмяшчацца ў Беларусі, тады і будуць глядзець», — сказаў ён.
  • Касінскі патлумачыў, што «гэта летні лягер, які пабудаваны ва ўзаемадзеяньні з органамі мясцовай улады», здольны зьмясьціць каля 5 тыс. чалавек. Ён ствараўся для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў грамадзянскай адміністрацыі " у рамках разгортваньня сыстэмы тэрытарыяльнай абароны«.
  • За дзень да наведваньня лягера, 6 ліпеня, Лукашэнка заявіў прадстаўнікам замежных мэдыя, што ў Беларусі не ўзводзяцца лягеры для вагнэраўцаў. Ён таксама паведаміў, што Прыгожын знаходзіцца ў Санкт-Пецярбургу, а байцы яго групоўкі — «у сваіх лягерах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG