Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», суд Чыгуначнага раёну Гомля за адно пасяджэньне прызнаў «экстрэмісцкімі» ажно 105 старонак у інтэрнэце.
Згодна з Рэспубліканскім сьпісам экстрэмісцкіх матэрыялаў, 4 ліпеня ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля за адно пасяджэньне былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» 105 інтэрнэт-рэсурсаў. Гэта чаты дыяспар, гістарычныя тэлеграм-каналы, старонкі СМІ, асабістыя профілі ў сацыяльных сетках і нават LinkedIn-старонкі.
Агульны сьпіс матэрыялаў, якія ў судзе Чыгуначнага раёну Гомля за дзень прызналі экстрэмісцкімі, займае 13 старонак.
Акрамя таго, у той самы дзень судом Чыгуначнага раёну Гомля былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» сайт і сацсеткі сьветлагорскага тэлеканалу «Ранак».
11 чэрвеня ў Сьветлагорску затрымалі восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для праблем у выданьня мог стаць сюжэт пра выбух на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце, у якім загінулі тры чалавекі. Гэтае здарэньне асьвятляў «Ранак».
На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 базавых велічынь.
Cярод затрыманых былі Андрэй Ліпскі, журналіст; Павал Рабко, апэратар; Вадзім Вежнавец, галоўны рэдактар мэдыякампаніі; Уладзімер Папоў, апэратар; Марына Бычкоўская, маркетоляг; Алена Кісялёва, галоўная бухгальтарка; Крысьціна Казялькова, сакратарка; Ганна Згурская (цяжарная, на яе склалі пратакол і адпусьцілі, суду пакуль не было), Лізавета Шавяленка (яе таксама адпусьцілі пасьля складаньня пратаколу, бо яна мае інваліднасьць, суду таксама пакуль не было).
Вядома, што ўсіх затрымлівалі ў розных месцах пасьля працоўнага дня. Адну з жанчын затрымалі ў іншым горадзе. Ёсьць інфармацыя, што затрыманьнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду. На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».