Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заходнім журналістам паказалі лягер, які будуецца пад Асіповічамі


Агульны выгляд вайсковай часткі і намётавага лягера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 году
Агульны выгляд вайсковай часткі і намётавага лягера ў вёсцы Цэль. 30 чэрвеня 2023 году

Заходніх журналістаў — у прыватнасьці, Мэт'ю Чэнса з CNN і Стыва Розэнбэрга з BBC — завезьлі ў вайсковы лягер, які будуецца пад Асіповічамі.

На тэлеканале CNN выйшаў рэпартаж, дзе карэспандэнт паказвае намёты і кажа, што яны зусім пустыя. Пра гэта піша партал «Зеркало».

«Мы на вайсковай базе ў Беларусі прыкладна за гадзіну язды ад Менску. Гэта велізарны намётавы лягер, які, як нам кажуць, здольны ўмясьціць каля пяці тысяч чалавек, збудаваны за апошнія некалькі тыдняў», — кажа Мэт'ю Чэнс.

Ён нагадаў, што за ўзьвядзеньнем лягера можна было сачыць па спадарожнікавых здымках.

«Але на дадзены момант усе гэтыя намёты зусім пустыя», — дадае брытанскі журналіст.

У час візыту журналістаў памочнік міністра абароны Беларусі генэрал-маёр Леанід Касінскі растлумачыў, што намётавы лягер у вёсцы Цэль пад Асіповічамі быў пабудаваны «для трэніроўкі як вайскоўцаў, так і прадстаўнікоў цывільнай адміністрацыі ў рамках разгортваньня сыстэмы тэрытарыяльнай абароны».

Як адзначае «Зеркало», вучэньні тэрытарыяльнай абароны такога маштабу ў Беларусі не анансаваліся — мала таго, такога маштабу разгортваньня тэраабароны ў Беларусі ніколі і не было.

Магчыма, лягер усё ж быў падрыхтаваны для наймітаў ПВК «Вагнэр», але, як учора расказваў замежным СМІ Аляксандар Лукашэнка, ні вагнэраўцаў, ні заснавальніка ПВК Яўгенія Прыгожына няма ў Беларусі. Паводле яго слоў, вагнэраўцы цяпер у сваіх палявых лягерах, а Прыгожын — у Санкт-Пецярбургу.

На спадарожнікавых здымках 17 чэрвеня ў гэтым раёне не было ніякіх прыкметаў намётавага лягера. 30 чэрвеня Радыё Свабода апублікавала фатаздымкі са спадарожніка, якія сьведчылі, што там пачалі будаваць лягер.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG