Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На здымках даху Запароскай АЭС знайшлі аб’екты, якіх раней там не было


Энэргаблёкі Запароскай АЭС
Энэргаблёкі Запароскай АЭС

Радыё Свабода і расьсьледніцкі праект «Схемы» знайшлі на спадарожнікавых здымках Planet.com, зробленых раніцай 5 ліпеня, новыя абʼекты, якіх там не было яшчэ два дні таму.

Абʼекты разьмешчаныя на даху 4-га энэргаблёку, аб мінаваньні якога расейскім войскам у аўторак на гэтым тыдні паведамляў Генштаб УСУ. Паводле зьвестак штабу, замінаваны і дах 3-га энэргаблёку.

Як зазначаецца ў публікацыі, здымак з разрозьненьнем 0,5 мэтра/піксэль не дазваляе зразумець, што менавіта зьявілася на даху. Радыё Свабода таксама знайшло відэа, на якім добра відаць дах 4-га энэргаблёка. Яно было зьнята ў 2017 годзе і апублікавана ў афіцыйным YouTube-канале Запароскай АЭС. На кадрах відаць, што ніякіх абʼектаў, якія маглі б адпавядаць белым пунктам на спадарожнікавым здымку 5 ліпеня, на даху няма.

Дадатковы аналіз спадарожнікавых здымкаў Planet Labs паказвае, што першыя абʼекты на даху 4-га энэргаблёка Запароскай АЭС (у іншых месцах і ў іншай колькасьці ў параўнаньні з разьмяшчэньнем на здымку 5 ліпеня) зьявіліся не раней за 26 красавіка гэтага году. На некаторых здымках, зробленых пасьля гэтай даты, але да 5 ліпеня, таксама можна ўбачыць белыя кропкі, якіх там не было ні ў красавіку, ні раней. Гэта пацьвярджае, што апошнія месяцы расейскія акупацыйныя сілы разьмясьцілі невядомыя абʼекты на даху атамнай электрастанцыі.

4 ліпеня аб тым, што расейскія вайскоўцы разьмясьцілі выбухоўку на дахах «некалькіх» энэргаблёкаў Запароскай АЭС, напісаў у тэлеграме прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі. Прадстаўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны Андрэй Юсаў у сакавіку 2022 года казаў, што Расея «разьмясьціла сродкі паражэньня» на ЗАЭС, каб «зымітаваць украінскі ўдар» і запатрабаваць «мараторый на ваенныя дзеяньні».

У размове з прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам у аўторак прэзыдэнт Украіны Зяленскі, паводле яго слоў, папярэдзіў аб «падрыхтоўцы акупацыйнымі войскамі небясьпечных правакацый» на Запароскай атамнай электрастанцыі.

5 ліпеня кіраўнік Міжнароднага агенцтва па атамнай энэргіі Рафаэль Гросі папрасіў у расейскіх уладаў даць экспэртам арганізацыі доступ на дахі 3-га і 4-га энэргаблёкаў, а таксама ў іншыя часткі станцыі, такія, як турбінныя залі і памяшканьні сыстэмы ахаладжэньня. У паведамленьні МАГАТЭ, якое ў сераду прыводзіла агенцтва Reuters, гаварылася, што супрацоўнікі агенцтва ААН, якія назіраюць на месцы за станам ЗАЭС, пакуль не выявілі прыкмет мінаваньня або наяўнасьці выбуховых рэчываў на станцыі. Адначасова адзначалася, што экспэртам неабходны дадатковы доступ да некаторых участкаў атамнага абʼекта ў Энэргодары, які знаходзіцца ўжо больш за год пад кантролем расейскіх вайскоўцаў.

Кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў 20 чэрвеня казаў пра тое, што расейскія вайскоўцы замініравалі сажалку-ахаладжальнік ЗАЭС. Пасьля разбурэньня ў чэрвені Кахоўскай ГЭС гэтая сажалка, аддзеленая ад абмялелага Кахоўскага вадасховішча дамбай, зьяўляецца асноўнай крыніцай вады для ахаладжэньня рэактараў АЭС, якія патрабуюць яе нават у спыненым стане.

У аўторак расейскі бок таксама абвінаваціў Украіну ў падрыхтоўцы атакі на ЗАЭС. Дарадца гендырэктара канцэрна «Росэнергоатом» Рэнат Карчаа заявіў, што ў Энэргодары прымаюцца меры абароны ў сувязі з інфармацыяй аб пагрозе ўдару па станцыі з боку Ўкраіны. Па словах Карча, УСУ нібыта зьбіраліся атакаваць станцыю ў ноч на сераду, скінуўшы на яе боепрыпасы з радыяактыўнымі адкідамі. У Крамлі таксама гавораць аб магчымасьці дывэрсіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG