У вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну пачалі будаваць намётавы лягер, які, паводле некаторых меркаваньняў, можа быць зьвязаны з прыбыцьцём у Беларусь наймітаў ПВК «Вагнэр». На сёньняшні дзень гэта найбуйнейшы лягер на тэрыторыі Беларусі.
Расейскі тэлеграм-канал Grey Zone сьцьвярджае, што для вагнэраўцаў у Беларусі наагул рыхтуюць не адну, а цэлыя тры базы на некалькі тысяч чалавек.
Кіраўнік маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн» Антон Матолька заклікае ня верыць усёй распаўсюджанай расейскімі блогерамі інфармацыі пра лягеры вагнэраўцаў і іх прысутнасьць у Беларусі. Ён заявіў у эфіры «Настоящего времени», што «уся гэтая гісторыя з будаўніцтвам лягера — гэта вельмі шматслаёвая дарагая кампанія па дэзынфармацыі» і, магчыма, у лягер прыедуць рэгулярныя часткі расейскай арміі, а зусім ня вагнэраўцы.
Перадрукоўваем гэта інтэрвію.
— «Вёрстка» яшчэ некалькі дзён таму пісала пра будаўніцтва лягераў для ПВК «Вагнэр» пад Асіповічамі, але ваш праект «Беларускі Гаюн» гэта абвяргаў. Цяпер якая ў вас ёсьць інфармацыя аб тым, што адбываецца? Ці сапраўды гаворка ідзе пра тры базы, якія будуюцца?
— Мы казалі, што мы ня можам пацьвердзіць інфармацыю аб лягеры пад Асіповічамі. Мы не казалі, што гэта няпраўда, мы казалі, што ня можам гэта пацьвердзіць. І гэта вельмі цікавая гісторыя насамрэч.
Каб журналіст патэлефанаваў у дзяржаўны орган — лясьніцтва, аблвыканкам ці яшчэ некуды — і атрымаў адтуль інфармацыю — гэта практычна немагчыма ў Беларусі ў апошнія тры гады. Таму што ўсе незалежныя журналісты працуюць зараз па-за Беларусьсю, практычна ўсе мэдыі ў Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі фармаваньнямі. І проста за сувязь з журналістамі такім крыніцам пагражае да сямі гадоў турмы па крымінальным артыкуле.
Таму інфармацыя, якую атрымалі журналісты «Вёрсткі» ад, як яны заявілі, супрацоўніка лясьніцтва, была даволі спэцыфічнай. Мы імкнуліся яе праверыць адразу ж пасьля публікацыі. І той аб’ём інфармацыі, які мы атрымалі, нас зьбянтэжыў, таму што, паўтаруся, такія рэчы заўсёды ў Беларусі робяцца вельмі таемна, не прыцягваючы ўвагі, і пра будаўніцтва падобных абʼектаў ведае вельмі абмежаванае кола людзей. А тут мы атрымалі, умоўна кажучы, вялікую колькасьць паведамленьняў пра гэты лягер.
Потым зьявіліся спадарожнікавыя здымкі і ўсё стала прасьцей, бо спадарожнік абвергнуць нашмат складаней.
Наша група мяркуе, што ўся гэтая гісторыя з будаўніцтвам лягеру — гэта вельмі шматслаёвая дарагая кампанія па дэзынфармацыі. Чаму? Па-першае, вельмі хуткае ўзьвядзеньне лягеру беларускімі сіламі. Лукашэнка казаў: «Няхай пабудуе „Вагнэр“», — але прыцягваліся беларускія падрадчыкі, прычым абсалютна розныя, з розных раёнаў Беларусі.
Лягер у пасёлку Цэль пад Асіповічамі пабудаваны. Там каля 300 намётаў, якія могуць прыняць прыкладна 8-10 тысяч чалавек.
Яшчэ ёсьць пастаянная падтрымка гэтай тэмы ў розных мэдыя, пачынаючы зь незалежных і заканчваючы дзяржаўнымі і праўладнымі, як крамлёўскімі, так і рэжыму Лукашэнкі. Яны ўсе казалі: «Цяпер у Беларусь прыедзе „Вагнэр“», вось самалёт ужо прыляцеў з «Вагнэрам», вось ужо адбываліся нейкія трэніроўкі, — а па факце трэніровак, якія абяцалі яшчэ на мінулых выходных, уключаючы цяжкую тэхніку і авіяцыю, заўважана не было.
Заўчора абяцалі выхад на палігон пад Асіповічамі на трэніроўкі — іх таксама не было заўважана. Ужо некалькі разоў пісалі, што калёны ПВК «Вагнэр» перасеклі мяжу зь Беларусьсю, — іх таксама не было заўважана.
Адпаведна, мы пакуль можам канстатаваць толькі такія факты, што лягер у пасёлку Цэль пад Асіповічамі пабудаваны. Там каля 300 намётаў, якія могуць прыняць прыкладна 8-10 тысяч чалавек. Ці пабудаваны гэта лягер для ПВК «Вагнэр» — гэта ўжо спэкуляцыя. Мы гэта мяркуем, зыходзячы з фонавага парадку дня апошніх тыдняў.
— Гэта значыць, гэта можа быць для якіх заўгодна вайскоўцаў?
— Так, менавіта так. Гэта можа быць і для расейскіх вайскоўцаў. Мы павінныя памятаць, што Беларусь усё яшчэ выкарыстоўваецца як трэніровачны палігон для мабілізаваных расейцаў. І пры гэтым, зноў жа, калі мы прымаем да ўвагі словы Лукашэнкі, што вагнэраўцы могуць быць інструктарамі для беларускіх вайскоўцаў, але для гэтага ня трэба восем тысяч чалавек — для гэтага дастаткова адной сотні спэцыялістаў. А база можа выкарыстоўвацца для трэніровак.
Варыянтаў, для чаго гэтая база можа быць, вялікая колькасьць, у тым ліку яна можа быць выкарыстаная для базаваньня ПВК «Вагнэр». І тут мы прыходзім да наступнага пытаньня. «Вагнэр» — гэта прыватная ваенная кампанія з даволі добрымі заробкамі. Заробак звычайнага пяхотніка, салдата «Вагнэра», вышэйшы, чым у беларускага палкоўніка, а можа, і ў генэрала. Ці ёсьць такія грошы ў бюджэце ў Лукашэнкі? Так, ёсьць. Ці захоча ён іх плаціць? Вельмі малаімаверна, бо беларускія вайскоўцы, у тым ліку сілы спэцыяльных апэрацый, зададуць лягічнае пытаньне: «А што адбываецца?»
Калі сумаваць усю інфармацыю, гэта вельмі падобна на глябальную кампанію па дэзынфармацыі. Нейкія супрацоўнікі, нейкія ўдзельнікі «Вагнэра» могуць знаходзіцца ў Беларусі, але іх колькасьць хутчэй дзясяткі альбо сотні. За ўвесь гэты час мы ўсё яшчэ ня бачылі ніякіх калёнаў, якія б перасоўваліся па тэрыторыі Беларусі арганізавана.
Увогуле, мы пакуль не можам сказаць, што «Вагнэр» быў перакінуты ў Беларусь, як мы маглі казаць, расказваючы пра мабілізаваных расейцаў або пра нейкія іншыя вайсковыя перасоўваньні.
— Тады як вы тлумачыце мэту гэтай, як вы кажаце, кампаніі па дэзынфармацыі? Навошта гэта патрэбна?
— Няхай гэта тлумачаць аналітыкі, таму што яны аддаюць перавагу будаваць тэорыі, сцэнары. Мы працуем з фактамі. Чаму мы так жорстка абышліся з «Вёрсткай» — таму што ў той момант не было ніякай інфармацыі, яна пайшла роўна пасьля публікацыі ў расейскім выданьні. Для беларусаў гэта крыху дзіўна, таму што беларусы лепш ведаюць Беларусь, чым хто заўгодна звонку: расейцы, украінцы, палякі ці літоўцы.
І другая гісторыя — гэта пра фатаграфіі гэтага лягеру. Так, у нас таксама былі гэтыя фатаграфіі, і ніводнае беларускае выданьне не дазволіць сабе іх публікаваць, бо ты падстаўляеш чалавека. А мы атрымалі мінімум восем фатаграфій, якія былі апублікаваныя.
Давайце паглядзім. Няхай на гэтае пытаньне адказваюць аналітыкі. У нас ёсьць здагадкі. Беларускія прапагандысты і расейскі бок актыўна распаўсюджваюць інфармацыю, што ў Беларусі будуць тысячы байцоў ПВК. Давайце падумаем, навошта гэта.
— Тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ» піша аб тым, што нібыта Прыгожын спрабуе ўгаварыць Лукашэнку вэрбаваць наймітаў у турмах Беларусі. Па-вашаму, гэта рэальны сцэнар, ці можа Лукашэнка на гэта пагадзіцца?
— Мне здаецца, гэта поўнае глупства, таму што ўжо неаднаразова прагаворвалася і ў мінулым годзе, калі «Вагнэр» пачаў вэрбаваць людзей у турмах, што, маўляў, і ў Беларусі іх вярбуюць. Ніводнага пацьверджаньня гэтаму не было. Я б проста менш глядзеў за парадкам дня правагнэраўскіх, пракрамлёўскіх каналаў, таму што калі арыентавацца на парадак дня даволі добрых адмыслоўцаў у дэзынфармацыі, можна патрапіць у пасткі, якія яны расставілі.
На дадзены момант мы не чулі такой інфармацыі. Беларускія турмы даволі ізаляваныя, там людзей да гэтага часу катуюць, там у нас ужо больш за 10 вядомых палітычных апанэнтаў без сувязі ўжо больш за тры месяцы. Людзі ня ведаюць, ці жывыя яны. Літаральна ў апошнія тыдні былі ананімныя паведамленьні, што і Сяргей Ціханоўскі, маўляў, загінуў, і Віктар Бабарыка загінуў. Але мы не ведаем, праўда гэта ці не, бо гэтую інфармацыю немагчыма праверыць, бо няма ніякай сувязі. Таму пра вярбоўку ПВК «Вагнэр» у беларускіх турмах — гэта нерэальна, я лічу. Угаварыць Лукашэнку — гэта такі дзіўны эўфэмізм. Калі Лукашэнку будзе выгадна, ён на гэта пойдзе. Калі невыгодна — не пойдзе.