Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адкрые свой рынак для беларускай харчовай солі і электралямпачак. Але ёсьць нюанс


На аб’яднаньні «Мазырсоль». Ілюстрацыйнае фота
На аб’яднаньні «Мазырсоль». Ілюстрацыйнае фота

Беларускія вытворцы могуць аднавіць свае пастаўкі на ўкраінскі рынак, паколькі яны пакуль што адсутнічаюць у санкцыйных сьпісах, зацьверджаных Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і адпаведнымі ўказамі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю паведаміла, што тэрмін дзеяньня антыдэмпінгавых захадаў датычна харчовай солі вытворчасьці «Мазырсоль» і электралямпачак Берасьцейскага электралямпавага заводу закончыцца 3 сакавіка 2024 году.

Тэарэтычна, пасьля гэтага тэрміну беларускія вытворцы могуць аднавіць свае пастаўкі на ўкраінскі рынак, паколькі яны пакуль што адсутнічаюць у санкцыйных сьпісах, зацьверджаных Радай нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны і адпаведнымі ўказамі прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага.

Ці магчыма вярнуцца на ўкраінскі рынак

Улічваючы, што падтрыманьне ўладамі Беларусі расейскай агрэсіі супраць Украіны прывяло да спыненьня беларуска-ўкраінскага гандлю, вытворцам солі і лямпачак давядзецца шукаць іншыя шляхі паставак.

«Так, сапраўды, беларускія вытворцы-экспартэры солі кухоннай гатунку экстра і электрычных лямпаў пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня такіх захадаў змогуць імпартаваць сваю прадукцыю ва Ўкраіну без аплаты антыдэмпінігавых мытаў. Адзінае, што варта адзначыць, што такія тавары будуць пастаўляцца на мытную тэрыторыю Ўкраіны праз трэція краіны, хутчэй за ўсё, краіны Эўразьвязу», — сказаў Свабодзе адвакат украінскай юрыдычнай кампаніі «Ілляшев та Партнери» Аляксей Гарбацюк.

У той жа час юрыст зьвярнуў увагу на тое, што, згодна з заканадаўствам Украіны, нацыянальныя вытворцы аналягічнай прадукцыі не пазьней як за тры месяцы да заканчэньня тэрміну дзеяньня антыдэмпінгавых абмежаваньняў, то бок да 3 сьнежня 2023 году, могуць зьвярнуцца ў Міністэрства эканомікі па перагляд гэтага рашэньня.

«[Міжведамасная] камісія па выніках правядзеньня Міністэрствам эканомікі перагляду можа ўхваліць рашэньне аб неабходнасьці падоўжаньня дзеяньня антыдэмпінгавых захадаў датычна беларускай прадукцыі яшчэ на пяць гадоў», — удакладніў Аляксей Гарбацюк.

Украіна ўвяла антыдэмпінгавыя абмежаваньні на соль і электралямпачкі 25 студзеня 2019 году на пяць гадоў.

Ці спыніла вайна правядзеньне антыдэмпінгавых расьсьледаваньняў

14 сьнежня 2022 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абвясьціла аб падаўжэньні расьсьледаваньня ў сувязі з дэмпінгавымі пастаўкамі шклатары беларускіх вытворцаў. Яго пачалі ў сьнежні 2021 году па выніках разгляду скаргі Асацыяцыі прамысловых прадпрыемстваў Украіны «Скло України» на падставе адпаведных заяў сямі ўкраінскіх вытворцаў шкла.

Міжведамасная камісія паведаміла, што ў скарзе выкладзеныя дастаткова абгрунтаваныя доказы, якія сьведчаць аб дэмпінгавых аб’ёмах і цэнах паставак шклотары, а гэта, у сваю чаргу, можа нашкодзіць вытворцам аналягічнай прадукцыі ва Ўкраіне.

У прыватнасьці, вялося пра шкляныя слоікі для кансэрвацыі ад 0,15 літра і большыя (таварны код у замежным гандлі 7010 90 10 90), бутэлькі зь нефарбаванага шкла аб’ёмам ад 0,15 літра і большыя, але ня меншыя за 2,5 літра (7010 90 41 00, 7010 90 43 00, 7010 90 45 00), а таксама бутэлькі з каляровага шкла аб’ёмам звыш 0,33 літра (7010 90 53 00).

Згодна з заканадаўствам Украіны, тэрмін правядзеньня антыдэмпінгавага расьсьледаваньня не павінен перавышаць 270 дзён, а ў надзвычайных абставінах можа быць падоўжаны да 330 дзён.

У красавіку 2021 году пачалі расьсьледаваньне аб пастаўках зь Беларусі вырабаў з асфальту. Паводле ўкраінскіх вытворцаў аналягічнай прадукцыі, якія і зьвярнуліся са скаргамі, беларускія кампаніі пастаўляюць гэтую прадукцыю па дэмпінгавых цэнах і ў вялікіх аб’ёмах. Аднак пакуль у гэтым расьсьледаваньні не абвясьцілі ніякіх рашэньняў.

Што ўжо знаходзіцца пад абмежаваньнямі ва Ўкраіне

З 23 студзеня 2022 году Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю ўвяла на пяць гадоў мыта памерам 45,14% на пастаўкі ва Ўкраіну драўнянастружкавых плітаў зь Беларусі, а крухмал з бульбы — у памеры 23,8% ад мытнай вартасьці пастаўкі.

У сьнежні 2021-га Ўкраіна на 5 гадоў увяла антыдэмпінгавае мыта на імпарт цеплаізаляцыйных матэрыялаў зь Беларусі. У прыватнасьці, для вытворчага акцыянэрнага таварыства «Гомельбудматэрыялы» і іншых беларускіх вытворцаў і пастаўшчыкоў будзе дзейнічаць мыта ў памеры 35,41%.

У 2021 годзе яшчэ на тры гады падоўжылі абмежаваньні на пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна набываліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «Гродна Азоце». Адпаведныя абмежаваньні былі ўведзеныя з 1 верасьня 2018 году.

З 26 сакавіка 2020 году набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнага кошту прадукцыі. У траўні 2020 году Ўкраіна абклала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.

У траўні 2020-га Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32%.

У лістападзе 2020 году Ўкраіна ў адказ на «дыскрымінацыйныя дзеяньні Беларусі» (увядзеньне забароны і абмежаваньня паставак ва Ўкраіну адходаў чорных мэталаў) абмежавала мытам у памеры 16,08% ад мытнай вартасьці пастаўкі сталёвых прутоў зь Беларусі. Гэтыя абмежаваньні Ўкраіна абяцае зьняць толькі пасьля скасаваньня адпаведных забаронаў на пастаўку лому чорных мэталаў ва Ўкраіну.

У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі зь Беларусі цэмэнтных клінкераў і портляндцэмэнту мытам у памеры 57,03%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG