Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Труска коўдраў», патрыятычнае выхаваньне: Як вучаць у ліцэі МУС і ліцэі БДУ


У наступным годзе беларускія ўлады плянуюць адкрыць у Магілёве яшчэ адзін ліцэй МУС. Такі ліцэй працуе ў Менску з 2016 году.

Сёлета ў ліцэй МУС набіралі 50 чалавек у VII клясу, аднаго чалавека хацелі ўзяць у IX клясу і яшчэ 5 — у Х. Па выніку 50 чалавек у VII клясу набралі цалкам, у X — узялі толькі чатырох, у IX — нікога.

Паступленьне

Раней прадстаўнікі МУС ганарыліся, што ў 2022 годзе конкурс у ліцэй ведамства склаў 3 чалавекі на месца, а ў 2021 — 3,5. Сёлета інфармацыі аб прахадных балах і конкурсе няма.

У ліцэі БДУ конкурс за 2022 год — 5 чалавек на месца агулам па ліцэі, на некаторых спэцыяльнасьцях — да 8 чалавек на месца.

У ліцэй МУС паступаюць пасьля VI клясы ў школе — у VII клясу ліцэю. Паступаць можна і ў старэйшыя, але асноўны набор ідзе ў VII клясу. Для гэтага здаюць два іспыты: матэматыку і расейскую ці беларускую мову. Таксама патрэбная мэдычная даведка аб стане здароўя. У ліцэй МУС ільготнікаў могуць узяць па-за конкурсам, калі яны здалі іспыт на 4 балы і вышэй па 10-бальнай шкале.

У ліцэй БДУ паступаюць пасьля X клясы і здаюць два іспыты згодна з профілем навучаньня. Калі профіль матэматычны — то здаюць фізыку і матэматыку, калі лінгвістычны — то беларускую ці расейскую і адну замежную мову. Напрыклад, у 2023 годзе, каб паступіць на філялягічнае аддзяленьне, трэба было набраць 97,5 бала са 110 магчымых. То бок здаць два іспыты амаль на выдатна.

Распарадак

У ліцэі МУС навучэнцы трапляюць на казарменны рэжым, то бок жывуць на тэрыторыі навучальнай установы. Агульны пад’ём па буднях — а 7 раніцы. Далей фізычная зарадка, агляд перад заняткамі, сьняданак, пасьля тры ўрокі. Пасьля другі сьняданак, яшчэ некалькі заняткаў, потым абед, пасьля яго факультатыўныя заняткі, патрыятычнае выхаваньне, час на самастойную падрыхтоўку, пасьля вячэра, перабываньне на адкрытым паветры і другая вячэра. Адбой у навучэнцаў у 22:00. Мяркуючы па распарадку дня, урокаў можа быць ня больш за 7.

У нядзелю ў навучэнцаў пад’ём на гадзіну пазьней — а 8 раніцы, і пасьля пад’ёму цэлыя 20 хвілін выдзеленыя на «труску коўдраў». Прычыны неабходнасьці гэтай працэдуры не тлумачацца.

У ліцэі БДУ заняткі пачынаюцца ў 8:30, урокі праводзяцца парамі: адразу два па адным прадмеце. Тры пары, а гэта 6 урокаў, канчаюцца ў 14:00, чатыры пары — у 15:50. Іншагароднія студэнты маюць права на месца ў інтэрнаце. Па суботах заняткаў няма — ёсьць факультатывы і іншыя актыўнасьці.

Што далей

Выпускнікам ліцэя МУС потым прасьцей паступіць у Акадэмію МУС, навучэнцаў адмыслова рыхтуюць да гэтага. Паступаюць выпускнікі на агульных умовах, аднак калі яны ідуць у нейкую ВНУ «ў мэтах МУС», то паступаюць як мэтавікі па асобным конкурсе.

Выпускнікі ліцэю БДУ з гэтага году могуць паступаць у БДУ без іспытаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG