Паводле апошніх зьвестак, у горадзе Першамайскі Харкаўскай вобласьці Ўкраіны ў выніку расейскага ўдару параненыя 43 чалавекі, зь іх 12 дзяцей, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной адміністрацыі Алег Сінягубаў.
Удар прыйшоўся па паркоўцы паблізу жылога дзевяціпавярховага дома. Алег Сінягубаў пазьней удакладніў, што ўдар нанесьлі ракетай «Іскандэр». Паводле яго, выбітыя вокны ў дзевяці шматпавярховых дамах. Згарэлі чатыры аўтамабілі, адзін аўтамабіль атрымаў пашкоджаньні.
Начальнік упраўленьня паліцыі ў Харкаўскай вобласьці Ўладзімір Цімошка паведаміў, што самым маленькім параненым дзецям — тры і дзевяць месяцаў. Раней Сінягубаў казаў, што сярод пацярпелых ёсьць дзесяцімесячнае немаўля і дзіця, якому адзін год. Стан дзесяцімесячнага хлопчыка, якога адвезьлі ў рэанімацыю, стабілізавалі. Іншыя дзеці атрымалі лёгкія аскепкавыя раненьні, удары і драпіны.
Побач з паркоўкай знаходзяцца толькі жылыя дамы, гэта мірны раён гораду, дзе няма ніводнага вайсковага аб’екта або вайсковага аўтамабіля, адзначыў начальнік упраўленьня паліцыі ў Харкаўскай вобласьці Ўладзімір Цімошка.
Паводле зьвестак Сінягубава, расейскія войскі на працягу 4 ліпеня абстралялі зь мінамётаў і артылерыі ў тым ліку пасёлкі Вэтэрынарнае і Казачую Лопань Харкаўскага раёну, Бударкі Чугуеўскага раёну, Петра-Іванаўку, Навамлінск Купянскага раёну.
Расейцы амаль не спыняюць абстрэлы Харкаўскай вобласьці. Паводле мясцовых уладаў, у Купянскім, Харкаўскім і Ізюмскім раёнах пашкоджаныя жылыя будынкі і сельгаспрадпрыемствы. У Ізюме на выбуховым прыстасаваньні падарваўся мужчына 32 гадоў, яго шпіталізавалі ў цяжкім стане.