Сёньня ў абарону зьняволенага экс-прэзыдэнта Грузіі Міхэіла Саакашвілі выступіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён даручыў украінскаму Міністэрству замежных справаў «выклікаць амбасадара Грузіі ва Ўкраіне, выказаць яму рашучы пратэст і прапанаваць на працягу 48 гадзін пакінуць Украіну для правядзеньня кансультацый зь ягонай сталіцай».
3 ліпеня Саакашвілі ўдзельнічаў у пасяджэньні чарговага суду над ім празь відэасувязь з клінікі «Вівамэдзі», дзе ён знаходзіцца на лячэньні.
Суд у Тбілісі працягвае разглядаць справу Саакашвілі аб разгоне акцыі 7 лістапада 2007 году і пагроме тэлекампаніі «Імэдзі».
Сёньня ў абарону экс-прэзыдэнта Грузіі выступіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. У ягоным звароце, апублікаваным у прэзыдэнцкім тэлеграм-канале, гаворыцца:
«У гэты момант Расея рукамі грузінскіх уладаў забівае грамадзяніна Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі.
Мы неаднаразова заклікалі афіцыйны Тбілісі спыніць гэты зьдзек і дамовіцца аб вяртаньні Саакашвілі ва Ўкраіну. Нашы партнэры па ўзгадненьні з Украінай таксама прапаноўвалі розныя варыянты выратаваньня.
Сёньня я даручыў Міністэрству замежных справаў выклікаць амбасадара Грузіі ва Ўкраіне, выказаць яму рашучы пратэст і прапанаваць на працягу 48 гадзін пакінуць Украіну для правядзеньня кансультацыяў зь ягонай сталіцай.
Я яшчэ раз заклікаю ўлады Грузіі перадаць Украіне грамадзяніна Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі для неабходнага лячэньня і догляду. І я заклікаю нашых партнэраў не ігнараваць гэтую сытуацыю і выратаваць гэтага чалавека. Ніводзін урад у Эўропе ня мае права караць сьмерцю людзей, жыцьцё зьяўляецца базавай эўрапейскай каштоўнасьцю».
Міхэіл Саакашвілі быў прэзыдэнтам Грузіі з 2004 да 2007 году і з 2008 да 2013 году. Пазьней ён працаваў ва Ўкраіне — быў старшынём Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі дарадцам прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі. У кастрычніку 2021 году Саакашвілі арыштавалі, калі ён вярнуўся ў Грузію.